Спэцыялісты ICAO, якiя прыбылi ў Беларусь, адмовіліся размаўляць з Раманам Пратасевічам, які быў на борце прымусова пасаджанага ў Менску самалёта Ryanair.
Пра гэта ў эфіры YouTube-канала «Галоўны. Тур» заявіў дырэктар Дэпартамэнта па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі, паведамляе БЕЛТА.
«Яны адмовіліся ад зносін зь ім. Гэта было прапанавана», — паведаміў дырэктар дэпартамэнта.
Паводле Сікорскага, спэцыялісты ІCАО зьехалі зь Беларусі зь іншым настроем, чым прыехалі, зь нібыта вялікім разуменьнем, што менавіта адбылося.
Дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) прыбыла ў Беларусь 23 жніўня для далейшага расьсьледаваньня прымусовай пасадкі самалёта, на якім ляцелі Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Соф’я Сапега. Выніковую справаздачу спэцыялісты плянуюць прадставіць да лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менск прыбыла дэлегацыя ICAO для расьсьледаваньня пасадкі самалёта Ryanair 23 траўня