У Сьветлагорску былога кіроўцу РАУС асудзілі на 3 гады калёніі
27 жніўня ў Сьветлагорску судзьдзя Галіна Гулевіч пакарала былога кіроўцу РАУС, пэнсіянэра Ўладзімера Жука, трыма гадамі калёніі агульнага рэжыму.
51-гадовага мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле вэрсіі дзяржаўнага абвінавачваньня, Жук стаяў у счэпцы, перакрываў рух транспарту і чыніў супраціў.
Мужчына віны не прызнаў. На пытаньне, ці мог ён сысьці зь месца акцыі, Жук адказаў станоўча. Аднак зазначыў, што яму «было б сорамна як мужыку» — што людзі падумаюць пра яго, што ён спужаўся і баязьлівец.
Падчас затрыманьня Жука пабілі — яго нават вазілі ў шпіталь, каб апрацаваць раны. Сьведка-лекар казаў, што Ўладзімер быў у шоку ад таго, што яго зьбілі былыя калегі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча. Яму пагражае крымінальная справа
Жыхар Бабруйска атрымаў 2 гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі. Размову ў відэачаце запісаў і выклаў былы міліцыянт
25 жніўня ў Бабруйску судзьдзя Антон Дудаль пакараў двума гадамі «хіміі» 31-гадовага Рамана Стацэвіча за «публічную абразу прэзыдэнта» (арт. 368 КК), паведаміла «Вясна».
Паводле сьледзтва, Стацэвіч у відэаразмове з былым міліцыянтам Канюшыкам «наўмысна абразіў Лукашэнку з выкарыстаньнем ненарматыўнай лексыкі».
Гэтую размову Канюшык запісаў і апублікаваў. Ён сказаў, што «дапамагае АУС выкрываць асоб, якія пашыраюць ідэі падарваць аўтарытэт прадстаўнікоў улады і ідэю ўтварэньня хаосу і хваляваньняў у нашай Рэспубліцы Беларусь»
«Атрымліваецца, мы адкаціліся на 70 гадоў назад, калі можна ціха зьняць чалавека, які не падабаецца, вывесьці яго на правакацыйныя размовы, запісаць гэта і выкласьці на старонцы або пайсьці ў міліцыю, — сказаў на судзе Стацэвіч. — Не было такога, што Канюшык папярэдзіў мяне, што ён блогер і здымае мяне. Публічнымі запісы зрабіў менавіта Канюшык».
Апэляцыйны суд пакінуў у сіле прысуд Паўлу Севярынцу
Пра гэта паведаміла ягоная жонка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Апэляцыйны суд пакінуў прысуд Паўлу Севярынцу бязь зьменаў. Проста адзначуся тут. Адзінае, пералічылі 1 дзень СІЗА за 1,5 дні калёніі, таму Паша ўжо паўтара года адматаў. Засталося 5,5, калі падлічыць, але веру, што Бог падрыхтаваў для нас нешта зусім іншае»
У Берасьці 2 верасьня за абразу прэзыдэнта пачнуць судзіць 64-гадовую Алену Гнаўк
Суд над 64-гадовай Аленай Гнаўк, якую вінавацяць у абразе прэзыдэнта (ч.1 арт. 368 КК), прызначылі на 2 верасьня, паведаміла «Радыё Рацыя».
Сёлета ў траўні Алену Гнаўк асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» ў рамках «карагоднай справы» за пратэст у верасьні мінулага году.
На разглядзе справы, дзе жанчына выступала ў якасьці абвінавачванай, яна сказала: «9 жніўня мінулага году ўладу захапіў не зусім здаровы, прабачце, псыхічна чалавек...». Пасьля гэтага, паводле Гнаўк, памочнік пракурора Аляксей Бараноўскі напісаў дакладную запіску на імя пракурора Берасьця пра «нанясеньне цяперашняму прэзыдэнту Лукашэнку А. Р. цяжкай абразы, што ўнясе напружаньне і дэстабілізацыю ў краіне».
Пэнсіянэрцы пагражае да чатырох гадоў пазбаўленьня волі.
Летась Алену Гнаўк неаднаразова затрымлівалі, арыштоўвалі і штрафавалі.
Апошні раз Гнаўк затрымалі 19 жніўня. Ноч актывістка правяла ў берасьцейскім ІЧУ. На наступны дзень яна паведаміла ў фэйсбуку, што яе затрымалі па адміністрацыйнай справе аб «дэманстрацыі экстрэмісцкай літаратуры ў залі суду Маскоўскага раёну Берасьця». Справу тады накіравалі на дапрацоўку, а саму яе адпусьцілі.
У Мазыры затрымалі пратэстоўца, які тыдзень таму стаў паўналетнім
У Мазыры за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту мінулага году супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 18-гадовага Аляксея Мацюшэнку. Толькі 19 жніўня ён стаў паўнагадовым. Цяпер ён прызнаны падазраваным па раней заведзенай крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Паводле прэс-службы МУС, ён разам зь іншымі пратэстоўцамі «аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі, блякаваў рух транспарту, а таксама выкрыкваў пратэстныя лёзунгі і кідаў камяні ў аўтамабілі праваахоўнікаў», піша «Вясна».
Суд над гомельскім праваабаронцам Судаленка пачнецца 3 верасьня
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які знаходзіцца ў СІЗА з 18 студзеня, у шосты раз абскардзіў утрыманьне пад вартай. Пра гэта ён напісаў у лісьце з турмы, паведаміла «Радыё Рацыя».
Праваабаронца патлумачыў, што лічыць такую меру стрыманьня ў дачыненьні да яго незаконнай.
У скарзе ў суд і ў лісьце мужчына таксама зазначыў, што ён
- мае сталае месца жыхарства, працу і стабільны даход,
- кармілец шматдзетнай сям’і (у яго чацьвёра сыноў, малодшаму 12 гадоў),
- не судзімы,
- мае сур’ёзнае захворваньне, якое патрабуе штодзённага кантролю, дыеты і прыняцьця лекаў.
Ён папрасіў суд зьмяніць меру стрыманьня на не зьвязаную з утрыманьнем пад вартай.
Судаленку абвінавачваюць у фінансаваньні і арганізацыі масавых беспарадкаў (часткі 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу). Па справе праваабаронцы апыталі больш за 200 сьведак. Пасьля ягонага арышту восем чалавек зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт з асабістай парукай за Судаленку.
Суд над ім пачнецца 3 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія пэнсіянэры расказалі свае гісторыі рэпрэсій і запатрабавалі паставіць адказных за гэты гвалт перад Міжнародным судом ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» бясплатна дапаможа ахвярам катаваньняў дамагчыся правасудзьдзя паводле ўнівэрсальнай юрысдыкцыі