Менскі гарвыканкам 25 жніўня пастанавіў ліквідаваць Цэнтар візуальных і выканаўчых мастацтваў «Арт Карпарэйшн». Гэтая арганізацыя сярод іншага ладзіла кінафэстываль «Лістапад» і форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», паведаміла Zerkalo.io.
На пачатку жніўня стала вядома, што арганізатарам «Лістападу» замест «Арт Карпарэйшн» будзе «Беларусьфільм».
У студзені з арганізацыяй разарвалі дамову арэнды на Кастрычніцкай вуліцы ў прасторы OK16. OK16 месьцілася ў заводзкіх цэхах, выкупленых у 2017 годзе «Белгазпрамбанкам» для культурніцкай пляцоўкі. Арт-дырэктаркай ОК16 была Марыя Калесьнікава.
«Культура заўсёды можа выжываць толькі ў свабодных умовах. Па прыродзе аўтар — свабодны чалавек, — казала з нагоды закрыцьця OK16 ў інтэрвію Tut.by дырэктарка «АРТ Карпарэйшн» Анжаліка Крашэўская. — Калі творчасьць заганяць у пэўныя рамкі, мне здаецца, пра мастацтва тут складана гаварыць. Можна, каб дагадзіць, займацца скокамі, рабіць нейкія праекты, спэктаклі, здымаць кіно, але яно ня будзе мець дачыненьня да сапраўдных матывацыяў аўтара і да сапраўднага творчага праекту, бо гэта ўсё намэнклятурныя рэчы».
Анжаліку Крашэўскую затрымлівалі летась падчас адной зь мірных акцый пратэсту. Яна сярод больш чым 2 тысяч чалавек падпісала мэмарандум у абарону незалежнасьці Беларусі. Пры стварэньні Каардынацыйнай рады ўвайшла ў яе асноўны склад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародную фэдэрацыю асацыяцый кінапрадусараў просяць прыпыніць акрэдытацыю фэстывалю «Лістапад»Таксама 24 жніўня Менгарвыканкам вырашыў ліквідаваць Менскую ўрбаністычную плятформу. Падстава — адсутнасьць камэрцыйнай дзейнасьці. На што плятформа адзначыла, што, па-першае, не абавязаная весьці камэрцыйную дзейнасьць, а па-другое, акурат такую дзейнасьць цяпер і вядзе.
«Мы працягнем рабіць важныя праекты для беларускіх гарадоў, займацца добраўпарадкаваньнем, навучаць, дапамагаць дваровым супольнасьцям і рабіць усё, што ад нас залежыць», — заявіла плятформа.