33-гадовы Францішак Стэрчэўскі — сябра клюбу «Грамадзянская плятформа» з Познані. Гэта лібэральная фракцыя польскага парлямэнту, галоўны палітычны апанэнт кіроўнай кансэрватыўнай партыі «Права і Справядлівасьць».
На польска-беларускую мяжу ўжо некалькі дзён прыбываюць апазыцыйныя польскія палітыкі. Яны спрабуюць дапамагчы ўцекачам і крытыкуюць урад сваёй краіны за бязьдзеяньне, якое, на іх думку, можа скончыцца трагедыяй.
— Вы ўсё яшчэ на польска-беларускім памежжы?
— Так, я на месцы, начую ў лягеры. Цяпер я на пару хвілін ад’ехаў, каб мець тэлефонную сувязь і магчымасьць з вамі паразмаўляць. Я жыву ў невялікім намётавым лягеры фонду «Збаўленьне». Там я разам зь перакладчыцай, мэдыкам, юрыстам. Мы спрабуем размаўляць з памежнікамі, каб вырашыць гэты гуманітарны крызіс.
— Відэа, на якім вы ўцякаеце ад салдатаў, стала вірусным. Чаму вы пайшлі на такі неардынарны крок, калі побач з уцекачамі ёсьць салдаты Польскай арміі і іншыя службы, якія сочаць за тым, каб зь імі нічога ня здарылася?
— Я ня вельмі разумею, што вы маеце на ўвазе пад «нічога ня здарылася». Гэтыя людзі клічуць нас, кажуць, што ім няма чаго есьці і піць. Яны ўжо больш за два тыдні зачыненыя ў шчыльным беларуска-польскім кардоне. Мы размаўляем зь імі праз мэгафон. Але размову ўскладняюць польскія вайскоўцы, якія наўмысна ўключаюць у машынах рухавікі, каб мы нічога не пачулі. Мы ведаем, што гэтыя людзі ў кепскім стане. Яны п’юць ваду з ручая. 12 чалавек хворыя, у іх прастуда, бо ідзе дождж і ім холадна. 52-гадовая жанчына знаходзіцца ў крытычным стане. Калі мы неадкладна не дапусьцім да іх мэдыкаў, то можа адбыцца трагедыя.
— Адкуль у вас інфармацыя пра стан гэтых людзей, калі туды нікога не пускаюць?
— Туды пусьцілі ўпаўнаважанага па правах чалавека, ён бачыў усё на ўласныя вочы. Па ягоных словах, тое, што там адбываецца, мае прыкметы катаваньняў і пагражае здароўю і жыцьцю гэтых людзей. Згодна з пастановай Эўрапейскага суду па правах чалавека, тое, што там адбываецца, — незаконна і зьяўляецца парушэньнем Жэнэўскай канвэнцыі. Польшча абавязаная дапамагчы гэтым людзям і накіраваць іх у памежны пункт, каб яны маглі зьвярнуцца па прытулак.
— Ці вядома вам, як выглядае сытуацыя зь беларускага боку? Ці перадае хтосьці гэтым людзям рэчы першай неабходнасьці?
— Калі гэтыя людзі там зьявіліся, то польскія памежнікі хадзілі па навакольных вёсках і прасілі жыхароў, каб тыя зрабілі яечню і далі гэтым людзям паесьці. Гэта быў першы рэфлекс ад сэрца. Але потым прыйшоў загад зь міністэрства, і пачалася блякада. Ад таго моманту гэтыя людзі цалкам адрэзаныя ад сьвету. Спачатку блякада была каля іхнага лягеру, тады дэпутату Мацею Канечнаму ўдалося зь імі паразмаўляць і перакінуць некаторыя рэчы. А цяпер за 300 мэтраў ад гэтага лягеру знаходзіцца новы кардон паліцыі, і толькі за ім стаіць наш лягер фонду «Збаўленьне». Менавіта з гэтай адлегласьці мы размаўляем з уцекачамі празь перакладчыка і бачым, што там адбываецца. Сёньня там быў ксёндз Войцех Леманьскі (папулярны каталіцкі сьвятар, блогер, 7 год працаваў у Беларусі. — РС), каб па-хрысьціянску накарміць і напаіць галодных людзей. Але яго таксама не дапусьцілі да ўцекачоў.
— А якая ў вас мэта? Вы патрабуеце, каб іх пусьцілі ў Польшчу і яны змаглі падаць заяву на прытулак?
— Я тут, бо мы ўсё яшчэ імкнёмся размаўляць з Памежнай вартай і пераканаць іх, што іхныя дзеяньні незаконныя. Праз звароты
я намагаюся атрымаць адказы ад Міністэрства ўнутраных спраў, адміністрацыі і польскага ўраду, чаму яны ігнаруюць гэтую сытуацыю. Мы просім іх выконваць міжнароднае права і нашую Канстытуцыю. Мы тут таксама для таго, каб інфармаваць грамадзкую думку, што тут адбываецца. Спачатку гэтых людзей трэба накарміць, даць лекі. А пасьля іх павінны дапусьціць у памежны пункт, каб яны змаглі зьвярнуцца да Польшчы па прытулак. Я не хачу, каб нехта памёр у гэтых кустах. І польскія вайскоўцы павінны як мага хутчэй вярнуцца дадому. Гэта абсурд, што сотні сілавікоў удзельнічаюць у блякадзе невядома чаго, нібыта там небясьпечныя злачынцы. А там проста безабаронныя людзі, якія трасуцца ад голаду і холаду.
— Вашыя палітычныя апанэнты сьцьвярджаюць, што калі польскі ўрад упусьціць гэтых людзей і дасьць ім прытулак, то гэта пачне цэлую хвалю міграцыі ў Польшчу, якую цяжка будзе спыніць. І што такім чынам Польшча прайграе Лукашэнку, які выкарыстоўвае ўцекачоў у сваіх мэтах. Што вы ім адкажаце?
— Гэтая хваля зьявілася б у любым разе. Лукашэнка цынічна выкарыстоўвае гэтую сытуацыю. Але хто ў дадзены момант горшы: рэжым Лукашэнкі, які цынічна выкарыстоўвае гэтых людзей, ці наш урад, які адмаўляе гэтым людзям у першай дапамозе і чалавечнасьці? Калі ў нас ёсьць памежная варта, то яна павінна працаваць прафэсійна. Яны павінны праверыць кожнага чалавека і разабрацца, ці ёсьць там злачыннасьць або кантрабанда. А калі нехта ўцякае са сваёй краіны ад вайны, то нашая Канстытуцыя абавязвае дапамагчы такому чалавеку. Польшча і Эўразьвяз паказваюць Лукашэнку сваю слабасьць. Адзінае, што можа яго напалохаць, — гэта жорсткія эканамічныя санкцыі, і толькі так можна на яго націскаць. А групка з 30 мігрантаў — гэта кропля ў моры ўсёй гэтай сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блукалі два тыдні па лесе, елі яблыкі і кукурузу з палёў. Праваабаронцы пагаварылі з уцекачамі, якія перайшлі беларуска-польскую мяжу— Можа таму, што калі сёньня ўпусьціць 30, то заўтра будзе 300, а праз тыдзень 3000?
— Лукашэнка не стварае гэтых людзей. Яны ўцякаюць з Афганістану і спрабуюць розныя шляхі. Лукашэнка выкарыстоўвае гэтых людзей, але прычына ўцёкаў гэтых людзей — прыход да ўлады ў Афганістане талібаў. Гэтыя людзі былі нашымі саюзьнікамі, перакладчыкамі, праваднікамі. Дзякуючы ім польская і амэрыканская арміі, і хаўрусьнікі па NATO, маглі выканаць сваю місію. І калі яны апынуліся пад пагрозай, мы абавязаныя быць зь імі салідарнымі і падтрымліваць іх.
— Як тады прымусіць Лукашэнку не выкарыстоўваць гэтых людзей у сваіх мэтах? Вы ўзгадвалі санкцыі, але яны былі ўведзеныя яшчэ ў чэрвені.
— Таму што гэтыя санкцыі супраць Лукашэнкі вельмі далікатныя. Гаворка пра сур’ёзныя санкцыі, Лукашэнку спыніць эканамічная блякада. Ён цяпер сьмяецца не з таго, што Польшча не пускае 30 уцекачоў, а з таго, што няма санкцыяў, якія б яго напалохалі. Гэтыя людзі так ці інакш будуць прыходзіць у Эўропу. І гаворка ня толькі пра Беларусь. Будуць ісьці праз Украіну і іншыя краіны. Іх прымушае ўцякаць не Лукашэнка, а вайна і талібы. Мы ня можам успрымаць невінаватых людзей як злачынцаў.
— Ізноў спашлюся на вашых апанэнтаў. Яны кажуць, што калі гэтыя людзі ўцякаюць ад талібаў, то ў Беларусі талібаў няма, таму яны могуць прасіць прытулку ў Беларусі.
— Гэта так ня дзейнічае. Беларусь не паважае правоў гэтых людзей. Калі яны зьяўляюцца на беларускай тэрыторыі, то беларускія сілавікі тут жа вязуць іх на мяжу. Беларусь парушае правы чалавека адносна гэтых людзей, і гэта невыпадкова. Давайце ўявім, што было б, калі б у такім лягеры былі нашыя блізкія, ня маючы ані вады, ані ежы, стаялі б там і ў дождж, і ў холад. Кожны заслугоўвае міжнароднай дапамогі і каб да яго дапусьцілі таго, хто хоча дапамагчы. Мы не чакаем, каб прэм’ер Маравецкі прыехаў і гатаваў для іх ежу. Мы самі хочам ім памагчы, каб там ніхто не памёр. А ўжо потым давайце паслухаем, хто яны і якія ў іх аргумэнты. Да людзей нельга ставіцца па-барбарску.
— Колькі часу вы маеце намер заставацца ў лягеры?
— Цяжка сказаць. Я прыехаў у панядзелак на адзін дзень, каб прыцягнуць увагу да гэтай сытуацыі. А сёньня я тут чацьвёрты дзень. Спадзяюся, што сытуацыя хутка вырашыцца і што мы пазьбегнем трагедыі. Гэты крызіс не павінен працягвацца два тыдні, максымум — дзьве гадзіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс. Ніводнага парушэньня мяжы ў Латвіі, менш за 10 у Літве. Польшча падвойвае вайсковы кантынгент