Ужо сёньня: Гадавіна масавага расстрэлу навукоўцаў і настаўнікаў у 1937 годзе, год таму – Пуцін стварыў сілавую рэзэрву для Беларусі

СІЗА КДБ Беларусі ў Менску ("амэрыканка")

Падзеі 27 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

27 жніўня 1906 году нарадзіўся Сяргей Новік-Пяюн, пісьменьнік, удзельнік нацыянальнавызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, вязень польскіх, нацысцкіх турмаў і ГУЛАГу, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.

Сяргей Новік-Пяюн

Пераехаўшы з Полацку ў Менск, я нечакана даведаўся, што наняў кватэру побач з домам, дзе жыў аўтар адной з маіх найулюбёнейшых песьняў.

Песьня, якую я ўпершыню пачуў у выкананьні паэта i барда Сержука Сокалава-Воюша, а затым — беларускага сьпевака з Амэрыкi Данчыка, называлася «Зорачкі», а яе аўтарам быў Сяргей Новік-Пяюн.

Праз пару дзён я ўжо разглядаўся ў ягонай падобнай да музэю аднапакаёўцы з кніжнымі рарытэтамі, карцінамі Пётры Сергіевіча і нотнымі сшыткамі Рыгора Шырмы.

Увішны вясёлавокі ўладальнік усяго гэтага багацьця тым часам разыгрываў сваю, як потым выявілася, традыцыйную пры нейчым першым візыце сцэнку. «Сядай, сядай, даражэнькі».

Госьць сядаў, а гаспадар, якому тады даўно ішоў дзявяты дзясятак, працягваў стаяць. Візытант, натуральна, прасіў прысесьці й самога Сяргея Міхайлавіча. І тады той жыцьцярадасна адказваў: «А я, даражэнькі, ужо наседзеўся. Сядзеў пры ўсіх: пры паляках, пры немцах, пры саветах...»

Усё было праўда. За палякамі яго высылалі й саджалі ў турму за стварэньне ў родных бацькавых Лявонавічах беларускай бібліятэкі, нелегальнай школы, тэатральнага гуртка і народнага хору. Нацысты кінулі Новіка-Пеюна ў Калдычэўскі лягер сьмерці за сувязь з партызанамі. Савецкі суд у 1945-м узнагародзіў паэта дзесяцьцю гадамі Калымы за мітычнае супрацоўніцтва з акупантамі.

Ён усё вытрымаў, захаваўшы і своеасаблівае пачуцьцё гумару, і давер да людзей, і я сказаў бы, эпікурэйскае стаўленьне да жыцьця, і нязводную веру ў сьветлую зорку Айчыны.

Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі й унівэрсальная Беларуская Энцыкляпэдыя дружна пашыраюць «дэзу», паведамляючы, што зборнік Сяргея Новіка-Пеюна «Песьні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе. Насамрэч гэтая ўнікальная, амаль цалкам напісаная ў няволі кніга пабачыла сьвет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1993 годзе, і аўтар яшчэ прыгожа падпісаў мне яе сваім непаўторным бісэрным почыркам, які быў, відаць, вынікам аднолькавай нястачы паперы ў самых розных турмах, дзе ён сядзеў за Беларусь.

Новік-Пяюн стварыў болей за сто песьняў. Далёка ня ўсе калегі Сяргея Міхайлавіча маглі б пахваліцца, што хоць адна зь іхніх песьняў стала народнай яшчэ пры жыцьці аўтара. Новік-Пяюн падараваў нам такіх цэлыя дзьве — «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і згаданыя ўжо «Зорачкі». Вы, пэўна ж, таксама ведаеце іхнюю шчымлівую мэлёдыю:

Ўночы зорачкі прыветліва мігцяць,

Быццам зь неба на мяне яны глядзяць...

Што чуваць, скажэце, зорачкі, вы мне

Ў маёй роднай ды далёкай старане?..

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.412-413.

У гэты дзень год таму

  • Падчас акцыі на плошчы Незалежнасьці ў Менску затрыманыя 200 чалавек.
  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў у тэлеінтэрвію, што сфармаваная рэзэрва з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі пры неабходнасьці.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы весьці дыялёг, у тым ліку пра абнаўленьне Канстытуцыі. Але ў першую чаргу з працоўнымі і студэнцкімі калектывамі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Польшча прэтэндуе на Горадзенскую вобласьць, калі Беларусь распадзецца.
  • Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей сабраў кіраўнікоў амбасадаў замежных дзяржаў для абмеркаваньня ўнутранай сытуацыі і зьнешнепалітычнай рэакцыі на яе. Амбасадары краін Эўразьвязу выказалі Макею захапленьне мужнасьцю беларусаў, якія выйшлі на пратэсты.
  • Канцылярыя прэм’ер-міністра і міністэрства замежных спраў Беларусі адмовіліся ад візыту кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных спраў Балтыі ў сваю краіну, прапанаванага Эстоніяй.

Гэты дзень у гісторыі

1610 — Уладзіслаў Ваза абраны маскоўскім царом.

1652 — Капыль, Клецак і Слуцак атрымалі гербы.

1937 — у Менску закатавалі групу археолягаў, настаўнікаў, каталіцкіх сьвятароў — разам больш за 50 чалавек. Гэта быў першы масавы расстрэл, які распачаў самы жорсткі палітычны тэрор 1937-1938 гадоў.

1955 — упершыню выдадзеная Кніга рэкордаў Гінэса.

1977 — запушчаны ў эксплюатацыю першы блёк Чарнобыльскай АЭС.

1979— астраномам Мікалаем Чарныхам у Крымскай астранамічнай абсэрваторыі адкрыта малая плянэта Скарына.

1991 — Малдова абвясьціла незалежнасьць ад СССР. Сёньня ў краіне дзяржаўнае сьвята — Дзень незалежнасьці.

Маніфэстацыя ў Кішынёве ў падтрымку абвяшчэньня незалежнасьці, 27 жніўня 1991

У гэты дзень нарадзіліся

551 да н.э. — Канфуцый, кітайскі філёзаф.

1770 — Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель, нямецкі філёзаф.

1856 — Іван Франко, украінскі пісьменьнік.

Іван Франко

1860 — Карл Чапскі, граф, менскі гарадзкі галава, мэцэнат.

У памяці

1576 — Тыцыян, італьянскі мастак.

1937 — Аляксандр Ляўданскі, беларускі гісторык і археоляг (расстраляны НКВД).

Ляўданскі стаў арганізатарам першых у БССР археалягічных экспэдыцыяў. Ён дасьледаваў Віцебск, Воршу, Заслаўе, даў першую тапаграфію Полацку, дзе вывучаў Сафію і зруйнаваныя потым бальшавікамі Бельчыцкія храмы.

Аднак паралельна зь сьпісам навуковых публікацыяў больш пульхным рабілася й дасье на вучонага. Апрача яго агульнай незалежніцкай пазыцыі ў «органах» зьвярнулі ўвагу на лісты зласьліўцаў, якія выступілі супраць высновы Ляўданскага, што гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі ў Цэнтральнай Беларусі належалі балцкім плямёнам. Відаць, значна лепей было б, каб тут спрадвеку жылі савецкія калгасьнікі.

У 1937-м па яго прыехаў «чорны воран». У тым самым годзе вучоны стаўся мішэньню для ката з чырвонай зорачкай на форменнай фуражцы.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.150-151.

1937 — Сяргей Дубінскі, беларускі археоляг і гісторык (расстраляны НКВД).

1965 — Лё Карбюзье, францускі архітэктар швэйцарскага паходжаньня, стваральнік архітэктуры інтэрнацыянальнага стылю, мастак і дызайнэр.

Лё Карьбюзье