Беларускі плывец Ігар Бокі стаў двухразовым чэмпіёнам Паралімпіяды ў Токіё. Чарговае золата спартовец здабыў на дыстанцыі 100 мэтраў на сьпіне (катэгорыя s13, або людзі са слабым зрокам).
Выніковы час паралімпійца з Бабруйску — 56,36 сэкунды, гэта новы сусьветны рэкорд для гэтай катэгорыі. Канадзец Нікалас Гай Турбід, які фінішаваў другім, саступіў лідэру больш за 3 сэкунды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабруйскі плывец-унікум выйграў 12-е паралімпійскае золата. Але атрымае ад дзяржавы ўтрая менш за «здаровых» чэмпіёнаўНапярэдадні Ігар Бокі ўжо заваяваў залатую узнагароду на дыстанцыі 100 мэтраў батэрфляем. Такім чынам, агулам мэдалёў найвышэйшай вартасьці ў яго стала 13. Зь іх 5 ён здабыў на Паралімпіядзе ў Лёндане – 2012, а яшчэ 6 — на аналягічных стартах у Рыё-дэ-Жанэйра ў 2016-м.
У Токіё два дзясяткі беларускіх паралімпійцаў выступаюць у пяці відах спорту. Пакуль што мэдалёвую скарбонку папаўняе выключна 27-гадовы бабруйскі ўнікум Ігар Бокі.