ЦРУ і амэрыканскія вайскоўцы праводзяць апэрацыі па эвакуацыі амэрыканскіх грамадзян з Афганістану з выкарыстаньнем верталётаў і наземных войскаў, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на газэту Wall Street Journal.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада ЗША ў Кабуле заклікала амэрыканцаў не прыяжджаць у аэрапортСпасылаючыся на неназваных чыноўнікаў, газэта піша, што на днях ЦРУ пачало тайныя апэрацыі для выратаваньня амэрыканцаў у Кабуле і яго ваколіцах.
У місіях, якія праводзяцца пад кантролем ЦРУ, выкарыстоўваюцца вайсковыя верталёты, гаворыцца ў публікацыі.
Крыніца газэты ў Кангрэсе, знаёмая з ходам эвакуацыі, заявіла, што амэрыканскія войскі ўваходзілі ў Кабул у рамках сумесных місій з замежнымі саюзьнікамі, уключаючы Вялікую Брытанію і Францыю.
Яны накіроўваліся ў пэўныя месцы, адкуль забіралі грамадзян гэтых краін, уладальнікаў віду на жыхарства ў ЗША, а таксама афганцаў, якім былі выдадзены спэцыяльныя візы за дапамогу амэрыканскім вайскоўцам, паведаміла Wall Street Journal.
Паветраныя і наземныя апэрацыі лічацца небясьпечнымі ў абставінах, якія склаліся, у той час як ЗША пачалі аддаваць прыярытэт эвакуацыі амэрыканцаў, а не афганцаў з груп рызыкі, паведаміла газэта.
Пэнтагон заявіў, што ён каардынуе намаганьні для гарантаваньня бясьпекі аэрапорту з «Талібанам», але невядома, ці ўключаюць гэтыя дыскусіі згаданыя апэрацыі, піша Wall Street Journal.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы папярэдзілі, што не пагодзяцца падоўжыць тэрмін вываду сілаў NATO з Афганістану ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Афганістан стаў краінай вечнага канфлікту