Пасьля рашэньня нямецкага суду «Газпром» зможа выкарыстаць толькі палову «Паўночнага патоку – 2»

Расейскае судна-трубаўкладчык у порце Нямеччыны. 14 студзеня 2021 году.

Суд у Нямеччыне ня стаў вызваляць газаправод «Паўночны паток – 2» ад нормаў газавай дырэктывы Эўразьвязу, паводле якіх пастаўніком і апэратарам газу ня можа быць адна і тая ж кампанія, а палова магутнасьці трубы мусіць быць прададзеная на аўкцыёне іншым энэргакампаніям.

Гэта азначае, што асноўны ўдзельнік праекту, расейскі канцэрн «Газпром», зможа выкарыстаць толькі 50 адсоткаў магутнасьці трубаправоду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночны паток-2, Крым і Данбас. Што яшчэ абмяркоўвалі на сустрэчы Мэркель і Зяленскі?

Раней улады Нямеччыны адмовіліся вызваляць «Паўночны паток – 2» ад нормаў дырэктывы ЭЗ. Апэратар газаправоду, кампанія Nord Stream 2 AG, спрабаваў абскардзіць рашэньне Бэрліна, але Найвышэйшы зямельны суд Дусэльдорфу пастанавіў, што на расейскі праект распаўсюджваюцца эўрапейскія правілы.

  • «Паўночны паток – 2» — газаправод з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора ў абыход Украіны і Беларусі. ЗША, шэраг краін ЭЗ і Ўкраіна выступаюць супраць яго збудаваньня, заяўляючы, што ён можа падарваць бясьпеку ў Эўропе, калі Расея выкарыстоўвае яго як сродак ціску. ЗША і Нямеччына нядаўна падпісалі мэмарандум аб тым, што яны будуць дамагацца ад Расеі гарантыяў працягу транзыту газу праз Украіну і пасьля запуску трубаправоду. Яго могуць дабудаваць ужо сёлета.
  • Вашынгтон прапаноўваў пастаўляць эўрапейскім краінам амэрыканскі газ. Расея, Нямеччына, Аўстрыя і шэраг іншых краінаў, кампаніі якіх удзельнічаюць у будаўніцтве, настойваюць, што іхны праект выключна камэрцыйны.