Марыя Калесьнікава дала паказаньні ў судзе. Пра гэта БелаПАН паведаміў яе адвакат Уладзімер Пыльчанка.
«Марыя, як і Максім Знак, таксама пасьлядоўна абвергла абвінавачаньні і працягвае на гэтым настойваць», — адзначыў абаронца.
Паводле Пыльчанкі, Калесьнікава «бадзёрая і адчувае сябе добра».
Раней у судзе выступіў Максім Знак. Ён заявіў, што ўсе абвінавачаньні супраць яго ня маюць падстаў і нічым не падмацаваныя. Пальчанка таксама дадаў, што Максім Знак, як і плянаваў перад пачаткам судовага разбору, актыўна ўдзельнічае ў працэсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат: «Максім Знак у судзе падрабязна камэнтуе матэрыялы справы, дзе няма ніякіх доказаў яго віны»Судовы працэс у справе палітвязьняў, прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Максіма Знака і Марыі Калесьнікавай пачаўся 4 жніўня 2021 году. Ён праходзіць у судзе Менскага раёну ў закрытым рэжыме. Калесьнікава і Знак пад вартай зь верасьня 2020 году. Іх абвінавацілі ў
- закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь,
- змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам,
- стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім.
Абаім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава з-за кратаў: «Зло ня мае над намі сілы, мы ўсе зьмяніліся, і гэта назаўжды»