У гаспадарцы «Астрошыцы» яму далажылі пра стан і пэрспэктывы разьвіцьця збожжавага камбайнабудаваньня. Як піша прэзыдэнцкая прэс-служба, нагодай стаў «незвычайны юбілей»: споўнілася 25 гадоў, як Лукашэнка прыняў «гістарычнае рашэньне» — аднавіць і разьвіваць гэты кірунак. Людзям не было чаго есьці, патлумачыў ён тагачасны крок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка распавёў пра сваё цяжкае дзяцінства і пакатаўся на камбайне з сынам Мікалаем«Мерапрыемства сымбалічнае, прысьвечанае вельмі важнаму этапу ў разьвіцьці нашай дзяржавы. Мы добра памятаем, калі людзям есьці не было чаго, трэба было ўсіх накарміць. А бяз хлеба як? Здарылася так, што нейкі хлеб у полі стаяў, а ўбіраць не было чым. І вось тады прымаліся сур’ёзныя рашэньні», — адзначыў Лукашэнка.
Паводле яго, гучалі думкі адмовіцца ад вытворчасьці ўласнай уборачнай тэхнікі і закупляць яе ў Нямеччыне. Аднак беларускім прамыслоўцам удалося выпусьціць свае машыны, якія «ужо канкуруюць зь нямецкімі». Агледзеўшы першы камбайн КЗР-10 «Палесьсе-Ротар», зазначыў, што ён прыгожы, нават ня скажаш, што старажытны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ня так з гаспадаркай, якой апякуецца сам Лукашэнка. Рэпартаж з «Купалаўскага»Лукашэнку давялі, што за 25 гадоў лінейка збожжаўборачнай тэхнікі перасягнула дзясятак мадэляў у 75 мадыфікацыях. Яшчэ 7 новых будуць запушчаныя ў вытворчасьць неўзабаве.
Па словах гендырэктара «Гомсельмашу» Аляксандра Новікава, летась холдынг выпусьціў звыш 1800 самаходных машын, а за першае паўгодзьдзе сёлета ўжо амаль 1 тысячу. У плянах на гэты год зрабіць больш за 2 тысячы адзінак.
Аляксандар Лукашэнка загадаў больш актыўна займацца імпартазамяшчэньнем і не баяцца экспэрымэнтаваць, праілюстраваўшы гэта вырошчваньнем кавуноў на сваім прысядзібным участку.
«А то мы жалеза зробім, а разумныя вузлы — гідраўліку, электроніку — купляем на Захадзе. Трэба самім вучыцца. Вось я ня проста вырошчваю тыя ці іншыя культуры, а экспэрымэнтую — асабіста правяраю напрацоўкі нашых навукоўцаў. Кавуны — гэта не таму, што піяр нейкі. Вывучаю, гляджу, што трэба. Таму што карміць людзей — гэта пытаньне нумар адзін», — падсумаваў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень сёмы: дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК, спыняюць дзейнасьць КПБ, Беларусь робіцца незалежнайРоўна 30 гадоў таму дэпутаты Вярхоўнага Савету дэ-юрэ замацавалі незалежнасьць Беларусі. Аднак Аляксандар Лукашэнка, хоць сам быў тады парлямэнтаром, тую знакавую падзею замоўчвае.
Як аргумэнтуюць экспэрты, афіцыйная гісторыяграфія і прапаганда адлічваюць незалежнасьць дзяржавы не ад 1991-га, а ад 1994 году, калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка ня ўзгадвае пра 25 жніўня 1991 году?