У сваім віншаваньні Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што гэты дзень «мусіў быць у Беларусі сьвяточным і радасным, але сустракаем мы юбілей Незалежнасьці пад пагрозай яе страты, у атмасфэры рэпрэсій».
«Тысячы патрыётаў нашай краіны расплаціліся ўласным лёсам за мару бачыць яе незалежнай — у сталінскім ГУЛАГу, у Курапатах, на вулічных пратэстах і цяпер у турме. Але для ўсіх нас яны — гэта прыклад змаганьня за лепшую долю свайго народу. Нам варта памятаць усю нашую гісторыю, каб выпадковыя ва ўладзе людзі ня мелі магчымасьці яе перапісваць.
У той час, як іншыя краіны Ўсходняй Эўропы ўмацоўвалі сваю дзяржаўнасьць, ішлі шляхам рэформаў, стваралі добрыя ўмовы для жыцьця людзей, былы прэзыдэнт Беларусі імкнуўся спыніць ход гісторыі, скарыстаць перавагі незалежнасьці толькі дзеля замацаваньня сваёй улады.
У жніўні 2020-га сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі і ўзьнялі той самы бел-чырвона-белы сьцяг, пад якім абвяшчалася незалежнасьць у 1918-м і аднаўлялася ў 1991-м. І гэтае імкненьне да волі, да свабоды ў нашых душах ужо ня зьнішчыць ніякімі рэпрэсіямі. Бо лёс Беларусі залежыць ад таго, наколькі кожны з нас адчуе ўласную адказнасьць за сваю краіну. Далучайцеся да ініцыятыў, якія дапамагаюць пратэсту і беларусам, пішыце лісты палітвязьням, беражыце нашую мову і нашыя нацыянальныя сымбалі.
Сёньня я віншую вас, дарагія беларусы, зь верай у тое, што наша Радзіма будзе вольнай і заможнай. А галоўнае — што яна захавае сваю незалежнасьць. Жыве Беларусь!»
25 жніўня 1991 году на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі надалі сілу канстытуцыйнага закону. Спынілася дзейнасьць Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня Рады БНР Сурвіла — беларусам: «Любоў, якую мы адчуваем адны да адных, мае быць мацнейшаю за крыўды» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка ня ўзгадвае пра 25 жніўня 1991 году? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівеньскі тыдзень 91-га. Дзень сёмы: дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК, спыняюць дзейнасьць КПБ, Беларусь робіцца незалежнай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 датаў, калі можна адзначаць Дзень Незалежнасьці Беларусі