Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі заявіў прадстаўнік руху Забіўла Муджахід, перадае Sky News.
Ён спаслаўся на дасягнутыя дамоўленасьці і папярэдзіў, што спробы працягнуць эвакуацыю пасьля 31 жніўня парушаць умовы пагадненьняў і што ўсіх людзей трэба вывезьці да канца гэтага дня.
Прадстаўнік руху таксама сказаў, што талібы не ўхваляюць вываз з краіны афганцаў, і заклікаў натоўпы, якія атачылі аэрапорт Кабула і спрабуюць выехаць з краіны, разьехацца па дамах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: Талібы забіваюць мірных афганцаўЁн чарговы раз запэўніў, што рух «Талібан» гарантуе бясьпеку суграмадзянам і ня мае намеру пачынаць рэпрэсіі.
«Мы вырашылі пакончыць са старым і ўсё забыць», — запэўніў Муджахід.
Ён таксама адзначыў, што жыцьцё ў Афганістане вяртаецца ў нармальнае рэчышча, але хаос у аэрапорце застаецца праблемай для ўладаў.
Забіўла Муджахід таксама заклікаў Вашынгтон «не заахвочваць» адʼезд грамадзян Афганістану, асабліва «адукаванай эліты» і прадстаўнікоў прафэсіяў, якія цяпер асабліва запатрабаваныя ў краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы накіравалі байцоў для захопу Панджшэра. Лідэр супраціву Масуд адмовіўся здаць рэгіёнПрэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паслаў кіраўніка Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня Ўільяма Бэрнса ў Кабул на сустрэчу з кіраўнікамі «Талібану». Пра гэта паведамляе The Washington Post са спасылкай на неназваных афіцыйных асобаў ЗША, якія гаварылі на ўмовах ананімнасьці.
Камэнтуючы інфармацыю Washington Post пра сакрэтную сустрэчу ў Кабуле дырэктара ЦРУ Ўільяма Бэрнса і палітычнага лідэра талібаў Абдулы Гані Барадара, прадстаўнік руху Забіўла Муджахід адказаў, што нічога пра гэта ня ведае. Пры гэтым ён ня стаў адмаўляць, што сустрэча адбылася.
Міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас у панядзелак паведаміў журналістам пра распачатыя перамовы паміж Нямеччынай, ЗША, Турэччынай і талібамі з мэтай «паспрыяць цывільнай апэрацыі ў аэрапорце Кабулу, каб атрымаць магчымасьць праводзіць эвакуацыю пасьля 31 жніўня».