Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет паведаміла, што яе ведамства атрымала дакладныя зьвесткі аб тым, што ваеўнікі руху «Талібан» чыняць пазасудовыя пакараньні сьмерцю мірных жыхароў і вярбуюць дзяцей у вайсковыя злучэньні.
«Гаворка ідзе пра пазасудовыя пакараньні сьмерцю мірных жыхароў і былых чальцоў нацыянальных сілаў бясьпекі Афганістану, абмежаваньні правоў жанчын, у тым ліку права на свабоднае перамяшчэньне і права дзяўчатак наведваць школы. Праводзіцца вярбоўка дзяцей-салдат і разганяюцца мірныя акцыі пратэсту», — заявіла Бачэлет падчас адмысловай сэсіі Рады ААН па правах чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Талібы не абавязкова нясуць зло». Пасол Беларусі выказаўся пра новую ўладу ў АфганістанеЯна зьвярнула асаблівую ўвагу на тое, што раней прадстаўнікі групоўкі ўзялі на сябе абавязаньні захоўваць правы жанчын, этнічных і рэлігійных меншасьцяў. Бачэлет заклікала талібаў выканаць гэтыя абяцаньні.
15 жніўня талібы ўвайшлі ў сталіцу Афганістану Кабул, занялі прэзыдэнцкі палац і абвясьцілі аб поўным кантролі над тэрыторыяй краіны. Прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гані пакінуў краіну і вылецеў у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы накіравалі байцоў для захопу Панджшэра. Лідэр супраціву Масуд адмовіўся здаць рэгіёнАфіцыйны прадстаўнік талібаў Забіула Муджахід правёў прэсавую канфэрэнцыю і расказаў, якім будзе жыцьцё ў Афганістане пры новай уладзе. Ён анансаваў увядзеньне законаў шарыяту, але запэўніў, што жанчынам дазволяць вучыцца і працаваць. Таксама ён абяцаў ператварыць Афганістан у краіну без наркотыкаў.