Чаму вызвалілі чальцоў Прэс-клюбу? У якой ступені гэта стала вынікам санкцыйнага ціску? Ці вядуць падобныя вызваленьні да дэмаралізацыі пратэсту? У што трансфармаваўся пратэст праз год пасьля самай буйной акцыі за ўсю гісторыю Беларусі — Маршу новай Беларусі?
Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч, палітоляг Тацяна Чуліцкая і філёзаф Максім Гаруноў.
Карбалевіч
- Вызваленьне чальцоў Прэс-клюбу стасуецца з заявай Лукашэнкі, што ніводзін волас не павінен упасьці з галавы бізнэсоўца, калі ён не ідзе ў палітыку.
- Нядаўна ён пужаў бізнэсоўцаў, прымушаў іх ствараць у сябе прафсаюзныя арганізацыі.
- Вызвалілі былога дыплямата Ігара Ляшчэню.
- Гэта не прыкмета лібэралізацыі, бо саджаюць новых вязьняў.
- Гэта паралельныя працэсы: ёсьць устаноўка не зьніжаць рэпрэсіі, а зь іншага боку, дэманструецца нейкая гнуткасьць.
- Апошняе — вынік санкцыяў, сьведчаньне таго, што яны працуюць.
- Для Лукашэнкі галоўная пагроза цяпер не пратэст, а кепская сытуацыя ў эканоміцы ў сувязі з санкцыямі.
- Любая рэвалюцыя — гэта выбух калектыўнага падсьвядомага.
- Для таго выбуху патрэбны зьбег самых розных абставінаў.
- Летась яны зьбегліся. Зараз такога зьбегу абставінаў няма.
- Сёньня новы выбух пратэстаў на парадку дня не стаіць.
- Грамадзтва спрабуе адаптавацца, «акапацца» і проста выжыць.
Чуліцкая
- Лукашэнку ўвесь час трэба паказваць, хто галоўны, каб пратэсты не падняліся зноў.
- Тое, што вызваляюць палітвязьняў, — гэта вынік санкцыяў, размова ідзе ня толькі пра Прэс-клюб, вызвалілі таксама мэнэджара PandaDoc.
- Захад паказаў, што пры наяўнасьці ў Беларусі палітвязьняў вяртаньне да дыялёгу немагчымае.
- Лукашэнка вызваляе закладнікаў, каб некалі зьявілася вакно магчымасьцяў.
- Калі ты чуеш, што людзей вызваляюць, ты радуесься, гэта нармальная чалавечая рэакцыя.
- Чаму мы павінны мяняць свае адносіны да сытуацыі, калі некага вызваляюць?
- Гэта складанае маральнае пытаньне — ці варта таргавацца наконт вызваленьня палітвязьняў?
- Я нязгодная з думкай, што хай людзі застаюцца за кратамі, каб у нас не было маральных спакусаў.
- Калі няма сацыялягічных дадзеных, цяжка казаць пра настроі людзей.
- Рэйтынг Лукашэнкі не расьце, ён у яго застаецца на ўзроўні 20%, максымум 30%.
- Гвалт людзі не падтрымліваюць, нават тыя, каго мы называем «ябацькамі».
- Мэтафара пра «пажар на тарфяніку» дагэтуль слушная.
- Калі б сытуацыя нармалізавалася, такі маштаб гвалту, які працягваецца, быў бы проста непатрэбны.
Гаруноў
- Лукашэнка, вызваляючы чальцоў Прэс-клюбу, гаворыць на старой палітычнай мове, на мове да жніўня 2020 году.
- Тады ў Беларусі, па вялікім рахунку, не было палітычнай нацыі.
- Для людзей без нацыянальнай сьвядомасьці такі жэст — вызваленьне палітвязьняў — сапраўды дэмаралізуе і дэмабілізуе пратэставыя настроі.
- Але ў Беларусі сытуацыя зьмянілася.
- Гэтым вызваленьнем Лукашэнка ніякіх ачкоў для сябе не набраў.
- Ён не разумее новай палітычнай мовы Беларусі.
- Летась бомба выбухнула, а тое, што мы бачым цяпер, — гэта руіны ў выніку таго выбуху.
- У нас са Зьмітром Лукашуком выйшла кніга, дзе сабраныя 85 інтэрвію з выбітнымі беларускімі інтэлектуаламі наконт беларускай нацыянальнай ідэі.
- Калі мы яе друкавалі, я сумняваўся, што яе нехта купіць, яна была вельмі дарагая.
- Наклад разьляцеўся за 4 тыдні.
- Празь некалькі тыдняў за захоўваньне гэтай кнігі людзей прыцягвалі да адказнасьці.
- Беларусь — някніжная краіна.
- Тое, што людзі сталі трымацца за гэтую кнігу, — гэта цывілізацыйны скачок.
Што было раней
- 19 жніўня, пасьля амаль 8 месяцаў за кратамі, выйшлі на волю сябры «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая, Пётар Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і Ала Шарко.
- 20 жніўня на волю выйшлі мэнэджар IT-кампаніі PandaDoc Віктар Куўшынаў і былы дыплямат Ігар Ляшчэня.
- 23 жніўня на волю выйшаў Дзяніс Сакалоўскі, былы апэратар БТ, затрыманы ў «справе Прэс-клюбу».