Паводле адваката Яўгена Пыльчанкі, Максім Знак, як і плянаваў перад пачаткам судовага разбору, актыўна ўдзельнічае ў працэсе. Словы адваката прыводзіць тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
«Ён даў паказаньні, якія аспрэчваюць усе інкрымінаваныя яму дзеі, а цяпер падрабязна камэнтуе досьледныя матэрыялы справы, у якіх, як абарона зазначала раней, няма ніякіх доказаў яго віны».
Адвакат дадаў, што такую ж актыўную пазыцыю ў судзе займае і Марыя Калесьнікава.
«На гэты момант ужо дасьледавана значная частка матэрыялаў, аднак да завяршальнай стадыі мы яшчэ не падышлі. Тым ня менш, калі б не было пасяджэньне закрытым, грамадзтва ўжо цяпер пераканалася б, што выстаўленае абвінавачаньне не заснавана на рэальнасьці», — зазначыў Пыльчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава з-за кратаў: «Зло ня мае над намі сілы, мы ўсе зьмяніліся, і гэта назаўжды»Судовы працэс у справе Максіма Знака і Марыі Калесьнікавай пачаўся 4 жніўня 2021 году, ён праходзіць у судзе Менскага раёну ў закрытым рэжыме. Калесьнікава і Знак пад вартай зь верасьня 2020 году, яны абвінавачваюцца паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім».
Абаім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі, праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год зь першай прэс-канфэрэнцыі Каардынацыйнай рады. Што зь ёй адбылося за гэты час