Пазоў Міністэрства юстыцыі супраць Таварыства беларускай мовы разгледзіць Вярхоўны суд а 15-й гадзіне 27 жніўня. Ліквідацыя ТБМ прывядзе таксама да закрыцьця заснаваных таварыствам газэт «Наша слова» і «Новы час», адзначае Reform.by.
ТБМ існуе з 1989 году. Сярод ініцыятараў яго стварэньня ў той час былі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, міністэрствы адукацыі і культуры, Акадэмія навук, Белтэлерадыёкампанія. У таварыстве больш як 6 тысяч сяброў і каля 450 мясцовых арганізацый.
А 10-й гадзіне ў той жа дзень, 27 жніўня, у Вярхоўным судзе пройдзе разгляд справы аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.
24 жніўня ў Вярхоўным судзе адбудзецца першаснае судовае пасяджэньне ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а 25 жніўня — у справе ліквідацыі Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
15 верасьня Вярхоўны суд разгледзіць пазоў пра ліквідацыю грамадзкага абʼяднаньня БНФ «Адраджэньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можна ліквідаваць арганізацыю, але ня вольнае слова»,— літаратары заступіліся за закрыты ўладамі ПЭН-цэнтар30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня ў Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў. Геаграфія зьліквідаваных уладамі ўстановаў ахапіла практычна ўсю Беларусь.
Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт: «Голас БелаПАН заглушыць не атрымаецца»