Рэдактара двойчы пакаралі за адзін і той жа фатаздымак
Як нагадвае Беларуская асацыяцыя журналістаў, 16 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця ўжо разглядалася адміністрацыйная справа паводле заявы шостага ўпраўленьня па Берасьцейскай вобласьці ГУБАЗіК МУС аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі сайту «Виртуальный Брест» экстрэмісцкім матэрыялам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволенага інваліда 2-й групы Ўладзімера Гундара чарговым разам зьмясьцілі ў карцарПадставай быў артыкул пра затрыманьне жыхара Баранавічаў Уладзімера Гундара, ілюстраваны здымкам, на якім герой быў у вопратцы з элемэнтамі арнамэнту. Прадстаўнікі ГУБАЗіК палічылі, што арнамэнт зьмяшчае свастыку, і запатрабавалі прызнаць згаданую публікацыю «экстрэмісцкім матэрыялам».
Тады суд задаволіў пазоў, але гэтым ня скончылася. Празь некалькі тыдняў на рэдактара «Виртуального Бреста» Андрэя Кухарчыка склалі новы адміністрацыйны пратакол: гэтым разам паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП — за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, унесенай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Справа зноў тычылася публікацыі з фатаздымкам Уладзімера Гундара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да рэдактара «Виртуального Бреста» прыйшлі зь ператрусамПратакол некалькі разоў вярталі ў міліцыю на дапрацоўку, пакуль 19 жніўня суд Маскоўскага раёну Берасьця не прызнаў Андрэя Кухарчыка вінаватым.
Суд пакараў рэдактара «Виртуального Бреста» штрафам у памеры 10 базавых велічынь (290 рублёў) і пастанавіў канфіскаваць у яго кампутарнае абсталяваньне, на якім ён «зьдейсьніў правапарушэньне».
Як адзначыў Андрэй Кухарчык, тэхніку ў яго забралі яшчэ ў ліпені падчас ператрусу і дагэтуль нічога не вярнулі.
Анархіста з Баранавічаў чарговым разам пакаралі адміністрацыйным арыштам. На судзе ён заявіў пра катаваньні
Анархіста Ільлю Сянько другі раз запар пакаралі 15-суткавым арыштам, паведаміў тэлеграм-канал «Вясна назірае».
Ільлю Сянько затрымалі 4 жніўня падчас масавых затрыманьняў актывістаў анархісцкага руху. Тады ў судзе Кастрычніцкага раёну яго арыштавалі на 15 дзён за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Але на волю ён ня выйшаў. На яго склалі новы пратакол, ужо за дробнае хуліганства.
Паводле праваабаронцаў, згодна з новым пратаколам, Ільля «4 жніўня гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў». Справу Сянько разгледзелі сёньня ў судзе Кастрычніцкага раёну.
Падчас паседжаньня актывіст адмовіўся даваць паказаньні, але заявіў пра зьбіцьцё і пагрозы з боку ГУБАЗіКа. Па яго словах, праз пару дзён пасьля затрыманьня да яго прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, зьбівалі, пагражалі, адрэзалі дрэды — усё каб ён прызнаў віну і даў патрэбныя ім паказаньні.
Таксама Ільля сказаў, што сядзіць у чатырохмеснай камэры, у якой знаходзяцца 20 чалавек.
Судзьдзя Кастрычніцкага раёну Натальля Яроўская адмовіла хлопцу ў выкліку супрацоўніка ГУБАЗіКа ў якасьці сьведкі, праігнаравала заяву пра зьбіцьцё і арыштавала Ільлю Сянько яшчэ на 15 сутак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаў горш чуць пасьля зьбіцьця, 11 месяцаў ня бачыў сябе ў люстэрка. Што расказаў Латыпаў бацьку на спатканьні пасьля суду