Талібы актывізавалі вышук жыхароў Афганістану, якія дапамагалі ЗША і NATO. Пра гэта гаворыцца ў дакумэнце, падрыхтаваным для ААН, зь якім азнаёміліся BBC і The New York Times.
У талібаў, як пішуць выданьні, ёсьць сьпіс з адрасамі людзей, што супрацоўнічалі з амэрыканцамі, якіх яны хочуць «дапытаць і пакараць». Калі чалавека знайсьці не ўдаецца, то яны пагражаюць забіць або арыштаваць яго сямейнікаў.
У асаблівай небясьпецы знаходзяцца вайскоўцы, паліцыянты і тыя, хто працаваў на сьледчыя органы зрынутага ўраду. У прыватнасьці, у чорным сьпісе апынуліся многія з тых, хто цяпер знаходзіцца ў аэрапорце Кабулу ў надзеі на эвакуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн і Мэркель дамовіліся вывезьці з Афганістану максымальную колькасьць людзей, якія апынуліся ў небясьпецыШукаюць талібы і журналістаў. На захадзе Афганістану яны забілі аднаго і цяжка паранілі другога сваяка карэспандэнта Deutsche Welle. Пра гэта паведаміла кіраўніцтва нямецкай мэдыякампаніі. Паводле яго, талібы шукалі журналіста, які цяпер у Нямеччыне. Іншыя яго сваякі змаглі выратавацца ў апошні момант і цяпер вымушаныя хавацца.
Паводле DW, у Кабуле і правінцыях талібы прыходзілі зь ператрусамі ў дамы сваякоў як мінімум трох супрацоўнікаў кампаніі. Нямецкія СМІ ў адкрытым лісьце заклікалі ўрад ФРГ падрыхтаваць экстраную візавую праграму для мясцовых журналістаў, якія працавалі ў Афганістане на нямецкія выданьні, а таксама для іх сем’яў.
Facebook адключыў для карыстальнікаў у Афганістане функцыю прагляду сяброў. Як напісаў у твітэры кіраўнік аддзелу кібэрбясьпекі сацыяльнай сеткі Натаніэль Глейхер, гэта было зроблена, каб «абараніць людзей ад нападаў».
Рух «Талібан» заявіў аб усталяваньні кантролю над усёй тэрыторыяй Афганістану 15 жніўня. Пасьля ўзяцьця бяз бою Кабулу талібы абвясьцілі аб заканчэньні вайны, лідэры руху заяўлялі, што маюць намер аднавіць Ісламскі эмірат Афганістан.
«Талібан» валодаў большай часткай Афганістану з 1996 па 2001 год. Рух пазбавіўся кантролю над краінай пасля ваеннай апэрацыі ЗША і іх саюзьнікаў. Цяперашні наступ талібаў пачаўся напярэдадні вываду амэрыканскіх войскаў з краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка ЗША не прадбачыла імклівага развалу афганскай арміі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Афганістан стаў краінай вечнага канфлікту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перамога талібаў можа паскорыць перамены ў Беларусі