«Рэжым бязьмежна баіцца праўды, таму ён шалёна нападае на свабоду прэсы. Практычна ўсе незалежныя СМІ ў Беларусі зазналі перасьлед. Сёньня зноў настала чарга БелаПАН. Але галасы свабоды нельга заглушыць; справядлівасьць пераможа», — гаворыцца ў заяве.
У Эўразьвязе таксама пракамэнтавалі ўчорашнюю атаку на БелаПАН і заклікалі вызваліць усіх затрыманых журналістаў.
«Працягваючы нястомныя спробы зьнішчыць вольную мэдыя-прастору, рэжым Лукашэнкі атакаваў БелаПАН, назваў Zerkalo (TUT.by) экстрэмісцкім і хоча пазбавіць рэгістрацыі БАЖ; 33 супрацоўнікі СМІ знаходзяцца ў турме. ЭЗ настойвае на іх неадкладным безумоўным вызваленьні», — гаворыцца ў заяве Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў.
Аб правядзеньні ператрусу пасьпелі паведаміць журналістка Ірына Турчына, рэдактар інтэрнэт-газэты БелаПАН Naviny.by Аляксандар Зайцаў і бухгальтарка кампаніі Кацярына Боева.
Прайшоў ператрус і ў дырэктаркі і галоўнай рэдактаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай, паведамілі Naviny.by. Пасьля ператрусу ў кватэры Ірыну Леўшыну павезьлі на ператрус у рэдакцыю БелаПАН, паведаміла БАЖ. Пазьней стала вядома, што Леўшыну затрымалі на 72 гадзіны. Пасьля допыту ў СК яе павязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, паведаміла Naviny.by яе дачка. Да яе дапусьцілі адваката.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт: «Голас БелаПАН заглушыць не атрымаецца»Журналіста БелаПАН Захара Шчарбакова пасьля ператрусу дома павезьлі на допыт, напісала ў фэйсбуку ягоная жонка. Пасьля допыту яго адпусьцілі, паведаміла яна БАЖ каля 14:30.
У Шчарбакова канфіскавалі ноўтбук, тэлефон і флэшкі, паведамляе БелаПАН. Ён на свабодзе, пад падпіскай аб неразгалошваньні. У пастанове на ператрус гаварылася, што ён праводзіцца ў рамках заведзеных крымінальных спраў аб масавых беспарадках і групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Потым Шчарбакова павезьлі ў офіс «Белтэлекаму» на вуліцы Захарава, 55 — там знаходзіцца гостынг-пляцоўка (Міжнародны цэнтар камутацыі). У прысутнасьці журналіста канфіскавалі сэрвэр БелаПАН. Пасьля быў допыт у СК.
У ІЧУ таксама зьмясьцілі бухгальтарку БелаПАН Кацярыну Боеву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улада баіцца праўды, разьбівае люстэрка, у якое глядзіць». Чым адметны для Беларусі БелаПАНПаводле неафіцыйнай інфармацыі БАЖ, ператрус прайшоў і ў былога дырэктара БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава, потым яго адвезьлі на допыт. Пасьля допыту яго адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Наважылаў быў выканаўцам абавязкаў дырэктара БелаПАН пасьля сьмерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая ў жніўні 2018 году. У студзені 2021-га Наважылаў звольніўся на ўласнае жаданьне.
Намесьнік галоўнага рэдактара БелаПАН Аляксандар Зайцаў расказаў, што ператрус праводзіўся прыкладна на працягу гадзіны ў межах справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК). Усяго было сем чалавек: два супрацоўнікі АБЭЗ, іх куратар (магчыма, зь іншага ведамства), два спэцназаўцы ў поўнай экіпіроўцы і двое панятых. Забралі мабільны тэлефон, цьвёрды дыск кампутара, стары пляншэт, а таксама рэдакцыйнае пасьведчаньне і некалькі візытовак. Справу вядзе Сьледчы камітэт. Самога Зайцава не затрымалі.
Ірыну Турчыну адпусьцілі пасьля допыту, у яе забралі тэлефон, паведаміла БАЖ.
Ірына Турчына расказала, што да яе прыйшлі а 7-й раніцы. Ператрус цягнуўся каля дзьвюх гадзін. Яго праводзілі супрацоўнікі АБЭЗ. У пастанове на ператрус быў пазначаны артыкул 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
У яе забралі нататнік і ўсе лічбавыя носьбіты — кампутар, мабільны тэлефон, флэшкі, дыктафон.
Пасьля ператрусу Турчыну павезьлі ў менскую ўправу Сьледчага камітэту, дзе яна адмовілася даваць паказаньні. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні і адпусьцілі. Турчына знаходзіцца ў статусе сьведкі ў крымінальнай справе, паведамілі Naviny Online.
Доступ да сайту адключылі
Сайт БелаПАН перастаў адкрывацца па абодвух сваіх адрасах — belapan.by і belapan.com — як у Беларусі, так і за мяжой. Паводле тэхнічнай інфармацыі, доступ да яго адключылі, а не абмежавалі на тэрыторыі Беларусі — браўзэры выдаюць паведамленьне, што ня знойдзены IP-адрас. Падобнае было ў свой час з парталам Tut.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнік доступ да сайту БелаПАН