На адрас грамадзкага абʼяднаньня «БНФ „Адраджэньне“» прыйшоў ліст зь Вярхоўнага суду, у якім паведамляецца пра завядзеньне справы аб ліквідацыі арганізацыі паводле пазову Міністэрства юстыцыі, паведамляе тэлеграм-канал Белсату.
Як вынікае зь ліста, прадстаўнік грамадзкага абʼяднаньня мусіць зьявіцца аб 11-й гадзіне 20 жніўня на «гутарку» ў рамках падрыхтоўкі да судовага разбору.
Як паведаміў намесьнік старшыні партыі БНФ і грамадзкай арганізацыі «БНФ „Адраджэньне“» Вадзім Саранчукоў (старшыня Рыгор Кастусёў цяпер у СІЗА КДБ), падставай для пазову аб ліквідацыі названа невыкананьне патрабаваньняў пісьмовага папярэджаньня, якое нібыта было вынесена на адрас аб’яднаньня 14 ліпеня. У БНФ кажуць, што ніякага папярэджаньня не атрымлівалі.
- Аргкамітэт БНФ «Адраджэньне» быў утвораны 19 кастрычніка 1988 году і супрацьстаяў КПБ-КПСС у змаганьні за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі. У ліку заснавальнікаў былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Зянон Пазьняк, Уладзімер Арлоў. У чэрвені 1989 году ў Вільні адбыўся Ўстаноўчы зьезд БНФ. На выбарах у Вярхоўны Савет у сакавіку 1990 году БНФ правёў некалькі дзясяткаў сваіх кандыдатаў і ўтварыў парлямэнцкую фракцыю, аднак заставаўся юрыдычна не зарэгістраванай арганізацыяй. Зарэгістраваны ён быў у чэрвені 1991 году як грамадзкая арганізацыя. У 1993 годзе была ўтвораная партыя БНФ. У 1999-м адбыўся раскол арганізацыі.
- Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.