Чаму БелаПАН стаў чарговай мішэньню ў кампаніі зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці? Ці магчыма стварыць беларускае інфармацыйнае агенцтва за мяжой? Як можа зьмяніцца палітычная сытуацыя ў Беларусі?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі.
Класкоўскі
- Лукашэнка адкрытым тэкстам сказаў падчас «Вялікай размовы» 9 жніўня, што «дэструктыўныя мэдыя» зачышчалі і зачышчаць будзем. Гэтак сілавікі і дзейнічаюць.
- Улады зьнішчаюць незалежныя мэдыя.
- Я не хачу гаварыць пра БелаПАН у мінулым часе.
- Досьвед Tut.by і «Нашай нівы» паказвае, што там частцы калектываў удалося на іншай плятформе, збольшага з-за мяжы, аднавіць працу. І голас БелаПАНу заглушыць не атрымаецца.
- БелаПАН быў створаны Алесем Ліпаем у 1991 годзе, калі развальваўся СССР. У іншыя часы мо і не ўдалося б зарэгістраваць.
- Тады быў час палымянай публіцыстыкі, але Ліпай стварыў інфармагенцтва паводле строгіх канонаў — ніякіх эмоцыяў, сухая аб’ектыўная правераная інфармацыя.
- На наш кантэнт падпісваліся, у БелаПАНе зь першых крокаў была манэтызацыя. Дзяржава нам грошай не давала, наадварот, БелаПАН плаціў падаткі.
- Наш прадукт куплялі і іншыя мэдыя, і амбасады. Ва ўладзе былі людзі, зацікаўленыя ў нашай інфармацыі.
- Але пасьля жніўня 2020 году там, відаць, вырашылі, што дэструктыўная роля незалежных мэдыя больш істотная, чым зваротная сувязь. БелаПАН сілавікі чапалі неаднойчы ў мінулым, яшчэ калі быў жывы Ліпай.
- Была крымінальная справа супраць яго, была «справа БелТА», у якой фігуравалі і цяперашняя кіраўніца кампаніі Ірына Леўшына, і іншыя супрацоўнікі.
- Сёлета ў студзені ў БелаПАНе быў ператрус у справе вядомага мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава.
- Калі пачаўся татальны пагром — Tut.by, «Нашай нівы», Радыё Свабода, можна было зразумець, што справа часу, калі прыйдуць граміць БелаПАН, каб ня даць працаваць нармальна ў Беларусі.
- Лукашэнка ж не сказаў, што мы папалохаем мэдыя, ён сказаў — зачысьцім.
- Інфармацыйныя агенцтвы, кампаніі маюць сваю спэцыфіку.
- Перашкаджалі працы БелаПАН і раней. З агенцтвам спынялі сувязі дзяржаўныя структуры.
- Мы бачылі, што на апошняй «Вялікай размовы» былі толькі карэспандэнты дзяржаўных мэдыя і некалькі журналістаў замежных СМІ, якія прыехалі з-за мяжы. З кастрычніка 2020 году ў Беларусі не засталося акрэдытаваных замежных журналістаў.
Што было раней
- Раніцай 18 жніўня сілавікі прыйшлі з пастановамі на ператрус да шэрагу журналістаў інфармацыйнага агенцтва.
- Аб правядзеньні ператрусу пасьпелі паведаміць журналістка Ірына Турчына, рэдактар інтэрнэт-газэты БелаПАН Naviny.by Аляксандар Зайцаў і бухгальтарка кампаніі Кацярына Боева.
- Прайшоў ператрус і ў дырэктаркі і галоўнай рэдактаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай.
- Пасьля ператрусу ў кватэры Ірыну Леўшыну павезьлі на ператрус у рэдакцыю БелаПАН, паведаміла БАЖ.
- Журналіста БелаПАН Захара Шчарбакова пасьля ператрусу дома павезьлі на допыт.
- Паводле неафіцыйнай інфармацыі БАЖ, ператрус прайшоў і ў былога дырэктара БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава, потым яго адвезьлі на допыт. Пасьля допыту яго адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
- Наважылаў быў выканаўцам абавязкаў дырэктара БелаПАН пасьля сьмерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая ў жніўні 2018 году. У студзені 2021-га Наважылаў звольніўся на ўласнае жаданьне.
- Намесьнік галоўнага рэдактара БелаПАН Аляксандар Зайцаў расказаў, што ператрус праводзіўся прыкладна на працягу гадзіны ў межах справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК).
- Ірыну Турчыну адпусьцілі пасьля допыту, у яе забралі тэлефон, паведаміла БАЖ.
- Пасьля ператрусу Турчыну павезьлі ў менскую ўправу сьледчага камітэту, дзе яна адмовілася ад дачы паказаньняў. Зь яе ўзялі падпіску пра невыдаваньне і адпусьцілі. Турчына знаходзіцца ў статусе сьведкі ў крымінальнай справе, паведамілі Naviny Online.
- Сайт БелаПАН перастаў адкрывацца па абодвух сваіх адрасах belapan.by і belapan.com як у Беларусі, так і за мяжой. Паводле тэхнічнай інфармацыі, доступ да яго адключылі, а не абмежавалі на тэрыторыі Беларусі — браўзэры выдаюць паведамленьне, што ня знойдзены IP-адрас. Падобнае было ў свой час з парталам Tut.by.