За мінулы дзень літоўскія памежнікі вярнулі ў Беларусь амаль 100 асобаў, якія спрабавалі незаконна перасячы мяжу, нікога зь мігрантаў не прапусьцілі ў Літву, паведаміла ў сераду Служба аховы дзяржаўнай мяжы, на якую спасылаецца Delfi.lt.
За дзень памежнікі спынілі некалькі групаў мігрантаў адразу ў пяці памежных раёнах Літвы. Памежнікі паведамілі, што працягваюць фіксаваць спробы трапіць у Літву ў розных месцах з боку адных і тых жа людзей.
Акрамя таго, літоўскія памежнікі заявілі, што ў аўторак 12 беларускіх сілавікоў у рыштунку для задушэньня беспарадкаў у так званай Дзявеніцкай пятлі ў Салечніцкім раёне выштурхнулі групу з 35 мігрантаў у Літву і самі нелегальна перайшлі дзяржаўную мяжу. Міністарка ўнутраных спраў Агне Білатайце назвала гэта правакацыяй і загадала ўзмацніць ахову мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне ByPol назвала адказных за міграцыйны крызісУ Латвіі 17 жніўня прадстаўнікі Дзяржаўнай памежнай аховы прадухілілі незаконнае перасячэньне мяжы 46 чалавекамі з боку Беларусі. Агульная колькасьць мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у Латвію, вырасла да 463 чалавек.
Шасьці мігрантам з гуманітарных меркаваньняў дазволілі перасячы дзяржаўную мяжу Латвіі. Агулам сёлета мяжу незаконна перайшлі 362 грамадзяніны трэціх краін.
Улады Латвіі яшчэ 10 жніўня абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з наплывам мігрантаў. Гэты дакумэнт дазваляе памежнікам выкарыстоўваць фізычную сілу і спэцыяльныя сродкі, каб вяртаць у Беларусь людзей, якія незаконна перайшлі мяжу. Памежнікам дапамагаюць вайскоўцы і паліцыя. Адпаведны дакумэнт таксама прыняла і Літва.
17 жніўня ўрад Латвіі падтрымаў папраўкі да закону, паводле якіх незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы прызнаецца цяжкім злачынствам. Пакараньне паводле гэтага артыкулу павялічыцца з 2 да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія ўзмацняе пакараньне за незаконны пераход мяжы. За гэта можа быць да 4 гадоў пазбаўленьня волі. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія памежнікі паведамілі пра аўтаматныя стрэлы на тэрыторыі Беларусі