Дата дня
18 жніўня 1891 году нарадзіўся Макар Краўцоў, пісьменьнік і перакладчык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя і нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х гадоў у Заходняй Беларусі, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
Паводле свайго сьветабачаньня, сьветаразуменьня й сьветаўяўленьня ён быў беларусам, а гэта ў вачах савецкай улады заўсёды (за выняткам хіба некалькіх гадоў беларусізацыі ў сярэдзіне 1920-х) азначала асобу сумнеўную, нядобранадзейную, гатовую ў любы момант ператварыцца ў «ворага народу».
Ён узяў сабе псэўданім, што стаў данінаю памяці прадзедам, якія жылі з кравецтва, шыючы найлепшыя ў акрузе кажухі.
Макара больш вабілі кніжкі. Самым адметным пэдагогам у царкоўнапрыходзкай школцы быў выкладчык сьпеваў і музыкі, які, караючы вучняў, біў іх па вушах смычком ад скрыпкі. Касьцевіч такую пачостку зарабляў нячаста, бо авалодаў скрыпкаю вельмі добра. А мо і наадварот — таму й авалодаў, што часта атрымліваў па вушах.
У лёсавызначальныя для краю гады ён як салдацкі дэлегат бярэ ўдзел у Першым Усебеларускім зьезьдзе, робіцца сябрам Беларускай партыі эсэраў, уваходзіць у склад Беларускай вайсковай камісіі, што ў часе савецка-польскай вайны намагаецца стварыць нацыянальныя ўзброеныя сілы.
Краўцоў заяўляе пра сябе як пра здольнага літаратара. Цёплым словам яго заахвочвае ў друку малады Максім Гарэцкі.
У 1919-м менская газэта «Беларусь» пад назовам «Ваяцкі гімн» публікуе Макараў верш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Кампазытар Уладзімер Тэраўскі піша да яго музыку, і песьня фэнамэнальна хутка набывае велізарную папулярнасьць, робячыся гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Яго сьпявалі, ідучы ў бой на бальшавікоў, слуцкія паўстанцы. Ад 1921 году Краўцоў жыве ў Вільні: друкуецца, настаўнічае, удзельнічае ў нацыянальным руху, трапляе ў польскую турму. Сьмяротная небясьпека ўзьнікае для яго ў 1939-м, пасьля гэтак званага вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Макара забралі разам з Антонам Луцкевічам, Янкам Пазьняком ды іншымі выбітнымі беларускімі дзеячамі.
Аднаго разу ў родную вёску Краўцова прыйшоў чалавек, які разам зь ім сядзеў у савецкай турме ў Беластоку. Ён распавёў сваякам, што Макара закатавалі на допытах. Дзе паэт знайшоў свой вечны прыстанак, дагэтуль невядома.
Ён пакінуў багатую літаратурную спадчыну, але яго галоўным творам назаўсёды застануцца нібыта адчаканеныя радкі:
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны наш прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Хай аджыве закамянелы
Наш беларускі вольны дух;
Штандар наш бел-чырвона-белы
Пакрыў сабой народны рух!..
«Ваяцкі гімн» яшчэ ня страціў шанцаў стаць гімнам дзяржаўным.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.192-193.
У гэты дзень год назад
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускае войска на заходняй межы прыведзенае ў поўную баявую гатоўнасьць
- У Менску прайшло першае пасяджэньне Каардынацыйнай рады
- Лукашэнка назваў Каардынацыйную раду Сьвятланы Ціханоўскай спробаю захопу ўлады «з усімі наступствамі, якія вынікаюць»
- Cалігорскі «Беларуськалій» і жлобінскі Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ) цалкам спынілі працу. На МАЗе, МТЗ, МЗКЦ і іншых заводах працу прыпыніла частка супрацоўнікаў
- Горадзенскія ўлады задаволілі патрабаваньні дэманстрантаў
- Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сёньня абмеркаваў беларускае пытаньне з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам
Гэты дзень у гісторыі
1201 — заснаваны горад Рыга.
1682 — на пасад Расейскай імпэрыі ўступіў Пётр I.
1868 ― францускі астраном П’ер Жансэн адкрыў у сонечным спэктры новы хімічны элемэнт гелій.
1924 ― арышт лідэра антысавецкага падпольля Барыса Савінкава ў Менску.
1968 ― кіраўніцтва краін Варшаўскай дамовы ўхваліла ўвод войскаў у Чэхаславаччыну.
1976 ― нямецкі пастар эвангелічнай царквы Оскар Брузэвіц публічна спаліў сябе ў знак пратэсту супраць парушэньняў правоў чалавека ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы.
1991 ― хатні арышт прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова ў Крыме.
2009 — Грузія завяршыла працэс выхаду з Садружнасьці незалежных дзяржаваў.
У гэты дзень нарадзіліся
1611 ― Людвіка Марыя Ганзага, каралева Польшчы й вялікая княгіня літоўская, жонка апошніх каралёў дынастыі Ваза ― Уладзіслава і Яна Казімера.
1830 ― Франц Іосіф I, імпэратар Аўстрыі і кароль Вугоршчыны.
1904 ― Макс Фактар, парфюмэр, заснавальнік кампаніі «Макс Фактар»
1922 ― Ален Роб-Грые, францускі пісьменьнік
1933 ― Раман Паланскі, кінарэжысэр.
1947 — Мікола Трухан, тэатральны рэжысэр.
«Дзе-Я?» мела адданую публіку, якую вабілі Труханава рэжысэрская сьмеласьць і неардынарнасьць асобы, філязофская заглыбленасьць у таямніцы чалавечага быцьця і нейкая непаўторная сардэчнасьць.
Разам з акторамі-аднадумцамі ён па-новаму перачытваў Шэксьпіра, Гогаля, Чэхава.
Ён вярнуў на беларускую сцэну драматургію Францішка Аляхновіча, паставіўшы паводле ягоных п’есаў спэктаклі «Чорт і Баба», «Здань» і «Круці не круці — трэба памярці».
Зьдзейсьніўшы своеасаблівы прарыў, тэатар «Дзе-Я?» некалькі разоў выступаў на ўсясьветна вядомых фэстах тэатральнага мастацтва ў Эдынбургу, дзе ў 1996 годзе пастаноўка «Круці не круці...» атрымала найвышэйшую адзнаку крытыкаў.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.456-457
1954 ― Януш Вішнеўскі, польскі пісьменьнік.
У памяці
1227 ― Чынгісхан, заснавальнік і вялікі хан Мангольскай імпэрыі.
1850 ― Анарэ дэ Бальзак, францускі пісьменьнік.
1940 ― Вальтэр Крайсьлер, заснавальнік аўтамабільнай карпарацыі.
1944 ― Эрнст Тэльман, старшыня Нямецкай партыі камуністаў (забіты ў канцлягеры Бухэнвальд).
1988 ― Яфрэм Карпачоў, беларускі гісторык.