Справу аб ліквідацыі грамадзкай арганізацыі «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» будзе разглядаць Вярхоўны суд. Пра гэта гаворыцца ў лісьце, які прыйшоў з суду на адрас арганізацыі.
У СБП адзначаюць, што такое разьвіцьцё падзей ня стала для іх чымсьці дзіўным.
24 жніўня ў 14.30 у Вярхоўным судзе адбудзецца апытаньне «ў парадку падрыхтоўкі да судовага разбору». Зьліквідаваць недзяржаўную арганізацыю пісьменьнікаў просіць у сваім пазове Міністэрства юстыцыі.
- Саюз беларускіх пісьменьнікаў быў створаны ў 1933–1934 гадах.
- У 2005 годзе ад Саюзу аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны, ляяльны да ўлады Саюз пісьменьнікаў Беларусі.
- У СБП больш за 450 сябраў.
- На пачатку тыдня Міністэрства юстыцыі пачало праверку дзейнасьці СБП, запатрабаваўшы дакумэнты з 1 студзеня 2018 году па 1 ліпеня 2021 году па 27 пунктах, зьвязаных са статутнай дзейнасьцю арганізацыі.
- 14 ліпеня ў офіс СБП уварваліся сілавікі, правялі ператрус, апячаталі памяшканьне і канфіскавалі тэхніку.
- Ператрус таксама зладзілі і ў кватэры старшыні СБП Барыса Пятровіча. Ён цяпер на волі пад падпіскамі аб неразгалошваньні і аб нявыезьдзе.
У Горадні ўлады хочуць ліквідаваць мясцовае аб’яднаньне раварыстаў «ВелоГродно». Афіцыйная падстава — парушэньні і памылкі ў дакумэнтаабароце. Першы працэс, прысьвечаны гэтай справе, адбудзецца ў канцы жніўня.
«ВелоГродно» існуе з 2013 году. Арганізацыя ўваходзіла ў склад каардынацыйных грамадзкіх радаў: па турызьме і па разьвіцьці веларуху пры Горадзенскім выканаўчым камітэце, у экалягічную раду пры Камітэце прыродных рэсурсаў. Таксама «ВелоГродно» ўдзельнічала ў грамадзкіх абмеркаваньнях будаўніцтва новых мікрараёнаў у Горадні.
На папярэднім тыдні стала афіцыйна вядома аб плянах уладаў ліквідаваць у Горадні дзіцячы госьпіс, які шмат гадоў дапамагаў цяжка хворым дзецям.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскі дзіцячы госьпіс зьбіраюцца ліквідаваць у судовым парадкуАд сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны ПЭН запатрабаваў неадкладна адмяніць рашэньне аб ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтру ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд перанёс працэс аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў