У адным з найстарэйшых храмаў Кіева, саборы Сьвятой Сафіі, да 14 лістапада экспануецца першая ў сьвеце Канстытуцыя. Арыгінал гэтага гістарычнага дакумэнту, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Швэцыі, упершыню прывезьлі ва ўкраінскую сталіцу напярэдадні сьвяткаваньня 30-годзьдзя незалежнасьці Ўкраіны.
Аўтар паходзіць зь Беларусі
Піліп Орлік нарадзіўся ў Беларусі, у пасёлку Касута́ Ашмянскага павету (цяпер Вілейскі раён Менскай вобласьці), у сям’і радавітай літоўскай шляхты чэскага паходжаньня Орлікаў. Ягоны бацька Сьцяпан Орлік служыў у арміі караля Рэчы Паспалітай, загінуў у 50 гадоў у сьнежні 1673-га, у бітве пад Хоцінам падчас польска-асманскай вайны, а маці Ірына паходзіла зь беларускага роду Малахоўскіх.
Піліп Орлік вучыўся ў Вільні і Кіева-Магілянскай калегіі на «выдатна». Падчас навучаньня паказаў сябе таленавітым прамоўцам ды паэтам, цікавіўся філязофіяй і літаратурай, добра ведаў украінскую, польскую, царкоўнаславянскую, вугорскую, італьянскую ды іншыя мовы.
Піліп Орлік быў генэральным пісарам і даверанаю асобай Івана Мазэпы і браў удзел у 1708 годзе ў выступе Мазэпы супраць Пятра I, а пасьля Палтаўскай бітвы эміграваў у Асманскую імпэрыю. Менавіта там ён і напісаў дакумэнт, які пазьней атрымаў назву «Канстытуцыя Піліпа Орліка», якую лічаць першай украінскай Канстытуцыяй, а таксама адной зь першых канстытуцый у Эўропе.
Пасьля сьмерці Івана Мазэпы быў выбраны гетманам дзяржавы Войска Запароскага.
Канстытуцыя, пакт, дамова
Канстытуцыя была напісаная ў некалькіх рэдакцыях і на дзьвюх мовах — стараўкраінскай і лацінскай. Яна мела назву «Пакты і Канстытуцыі правоў і вольнасьцяў Войска Запароскага» (Pacta et Constitutiones Legum Libertatumque Exercitus Zaporoviensis).
На сучасную ўкраінскую мову дакумэнт перакладзены як «Договори і Постановлення Прав і вольностей Війська Запорозького».
Дакумэнт падпісалі ў горадзе Бэндэры ў 1710 годзе новаабраны гетман Піліп Орлік, казацкі старшына і казакі Войска Запароскага, таму яго часта называюць яшчэ і «Бэндэрскай канстытуцыяй».
Першы падзел улады
Пакт засноўваў і падзяляў уладу на дзьве галіны — выканаўчую і заканадаўчую. Выканаўчую прадстаўляў гетман, але ягоныя паўнамоцтвы былі абмежаваныя — ён ня меў права распараджацца дзяржаўным скарбам і зямлёй, праводзіць уласную кадравую і вонкавую палітыку. Дакумэнт таксама забараняў гетману ствараць уласную адміністрацыю і караць вінаватых. Яму дазвалялася валодаць зямлёй і атрымліваць зь яе прыбытак, але толькі на час знаходжаньня на гетманскай пасадзе.
Заканадаўчую ўладу ажыцьцяўляла Генэральная рада, якая мусіла зьбірацца на сэсіі тры разы на год. У склад рады ўваходзілі генэральныя старшыны, цывільныя палкоўнікі ад гарадоў, генэральныя дарадцы (дэлегаты ад палкоў), палкавыя старшыны, сотнікі і прадстаўнікі Запароскай Сечы.
Ніякага іншавер’я. Толькі праваслаўе
Адметна, што Канстытуцыя вызначала выключна праваслаўную веру дзяржавы. Пры гэтым ставілася задача выхаду з падпарадкаваньня Расейскай праваслаўнай царквы пад мітраполію Ўсяленскага патрыярха. А ўсе іншыя цэрквы — «юдэйская» і «касьцёл польскі» мусілі выкараняцца.
Колькі арыгіналаў захоўваецца ў сьвеце
Дакумэнт захаваўся ў некалькіх рэдакцыях: асноўны і скарочаны на лацінскай мове (захоўваецца ў Нацыянальным архіве Швэцыі) і два тэксты на стараўкраінскай мове (арыгінал з подпісам Піліпа Орліка і пячаткай Войска Запароскага захоўваецца ў Расейскім дзяржаўным архіве).
Летась амбасада Швэцыі ў Беларусі перадала Нацыянальнай бібліятэцы факсымільную копію лацінамоўнай вэрсіі Канстытуцыі Піліпа Орліка, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Швэцыі і цяпер выстаўляецца ў Кіеве.
Амбасада Ўкраіны ў Беларусі таксама летась у чэрвені перадала ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі беларускі пераклад гістарычнага дакумэнту, выдадзены на ініцыятыву арганізацыі ўкраінцаў у Беларусі «Заповіт» пры садзейнічаньні ўкраінскіх дыпляматаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску прэзэнтавалі першае выданьне Канстытуцыі гетмана Ўкраіны Піліпа Орліка на беларускай мове