МЗС рэкамэндуе беларусам, якія апынуліся ў Афганістане, зьвяртацца па дапамогу ў беларускую амбасаду ў Таджыкістане.
«Безумоўна МЗС Беларусі сочыць за сытуацыяй у Афганістане. Фізычна там няма нашай амбасады. Па сумяшчальніцтве курыруе гэтую краіну пасольства Беларусі ў Таджыкістане. Таму грамадзяне Беларусі, якія апынуліся ў гэтай краіне, могуць зьвяртацца ў пасольства Беларусі ў Таджыкістане», – сказаў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз у эфіры АНТ.
- Заходнія амбасады эвакуююць сваіх супрацоўнікаў, а таксама грамадзян сваіх краінаў. Расейская амбасада эвакуацыю не плянуе.
- «У Масквы добрыя адносіны як з афганскім урадам, так і з талібамі, таму РФ не перажывае з нагоды сытуацыі ў Афганістане», – заявілі ў МЗС Расеі.
- Усе пасажырскія рэйсы міжнародных авіякампаній з кабульскага аэрапорту часова адмененыя, заявіў прадстаўнік NATO. Сілы альянсу забясьпечваюць бясьпеку аэрапорта. Цяпер дазваляецца вылятаць толькі вайсковым самалётам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Афганістану пакінуў краіну. Талібан патрабуе поўнай перадачы ўлады
Што адбываецца ў Афганістане на гэты час
- Прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гані пайшоў у адстаўку.
- Мясцовыя СМІ перадаюць, што ён пакінуў Афганістан і вылецеў у Таджыкістан. Тэлеканал Kabul News сьцьвярджае, што Ашраф Гані знаходзіцца ў Амане. Спраўдзіць гэта пакуль нельга.
- У Фэйсбуку зьявіўся пост ад імя Гані, дзе ён кажа, што сышоў, каб пазьбегнуць праліцьця крыві.
- «Талібан» заявіў, што ў Афганістане ня будзе пераходнага ўраду, і ён чакае поўнай перадачы ўлады.
- Паводле паведамленьняў з Кабулу, талібы ўвайшлі ў прэзыдэнцкі палац.
- Талібы неўзабаве абвесьцяць аб стварэньні Ісламскага Эмірату Афганістан, перадае Associated Press са спасылкай на свае крыніцы.