Падзеі 16 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
16 жніўня 1976 году памёр Ян Станкевіч, беларускі мовазнаўца, гісторык, палітычны дзяяч.
Ня думаю, што кіраўніцтва Віленскай духоўнай сэмінарыі зьмяніла б сваю пастанову аб выключэньні навучэнца Янкі Станкевіча «за агрэсіўную беларускасьць», каб даведалася, што якраз гэты юнак некалі стане аўтарам першага ў гісторыі поўнага беларускага перакладу Бібліі (Нью-Ёрк, 1973).
Паміж разьвітаньнем з сэмінарыяй і пахавальнай працэсіяй у амэрыканскім Іст-Брансўіку былі знаёмства з Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім і Максімам Гарэцкім, супрацоўніцтва з «Нашай Нівай», удзел у вырашальнай сэсіі Рады БНР 24–25 сакавіка 1918 году, абароненая ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе (адкуль ён прывёз у Вільню жонку, чэшку Марыю) доктарская дысэртацыя – дасьледаваньне Аль-Кітабаў, абраньне паслом у Польскі сойм (і, вядома, славутая віленская турма на Лукішках), стварэньне ў гады нямецкае акупацыі падпольнай Партыі беларускіх нацыяналістаў, выкладаньне гісторыі ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, заснаваньне ў ЗША Вялікалітоўскай (Беларускай) Фундацыі імя Льва Сапегі, якой Станкевіч адпісаў усе свае грошы і маёмасьць, каб дапамагаць выдавецкай дзейнасьці й разьвіцьцю беларусазнаўства праз фундаваньне стыпэндыяў для студэнтаў і навукоўцаў.
У восемдзесят два гады ён нарэшце ўбачыў свой выдрукаваны, гістарычна першы поўны пераклад Сьвятога Пісаньня.
Увесь час спадар Янка працаваў над капітальным «Беларуска-расійскім (Вялікалітоўскарасійскім) слоўнікам», які апублікаваў – 1306 старонак вялікага фармату – ужо ягоны сын Юрка. «Аторва – сорванец,
ашавурак – замухрышка, бройка – шалунья, похват – рикошет...» Гэты том з густымі чародкамі алоўкавых птушачак на кожнай старонцы ляжыць у мяне на пісьмовым стале, нагадваючы пра тыя колькі тыдняў, калі ён быў самым цікавым чытвом.
Зь ня меншым натхненьнем чыталася і кніга «Ян Станкевіч. Гістарычныя творы» (Менск, 2003). «Повесьці й апавяданьні крывіцкіх летапісаў», «Крыўя-Беларусь у мінуласьці», «Кароткі начырк гісторыі Крывіі-Беларусі» – назвы многіх разьдзелаў для мяне, палачаніна й крывічаніна, гучаць як музыка.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне
Таксама ў гэты дзень
1941 — у СССР апублікавалі загад, паводле якога чырвонаармейцы, якія здаліся ў палон, абвяшчаліся здраднікамі, а іх сем’і пазбаўляліся дзяржаўнай падтрымкі.
1945 — у Маскве паміж СССР і Польшчай падпісалі дамову аб савецка-польскай мяжы, у аснову якой была пакладзеная «лінія Керзона», прапанаваная яшчэ ў 1919–1920 гадах. Згодна з дамовай, ад Беларусі да Польшчы адышла амаль уся Беластоцкая вобласьць у складзе 17 раёнаў з абласным цэнтрам і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. У межах польскай дзяржавы апынулася значная колькасьць беларускага насельніцтва.
1960 — Кіпр абвешчаны самастойнай дзяржавай.
1995 — большасьць насельніцтва Бэрмудзкіх выспаў на рэфэрэндуме прагаласавалі супраць незалежнасьці і за захаваньне статусу брытанскай калёніі.
У гэты дзень нарадзіліся
1874 ― Аляксандар Уласаў, беларускі грамадзкі дзяяч, рэдактар-выдавец газэты «Наша ніва», сэнатар у міжваеннай Польскай Рэспубліцы
1878 ― Дамінік Сямашка, беларускі й літоўскі грамадзка-палітычны дзяяч.
1903 – Мікола Абрамчык, прэзыдэнт БНР. Такая дата пазначана Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі. Паводле іншшых зьвестак, ён нарадзіўся 6 жніўня 1903 году.
Міколаў прадзед Базыль Абрамчык меў трынаццаць сыноў, і ўсе яны ўзялі ўдзел у паўстаньні 1863 году. Адзін быў за гэта пакараны сьмерцю на царскай шыбеніцы, іншыя высланыя, а Міколавага дзеда Янку выгналі духоўнай сэмінарыі й пазбавілі грамадзянскіх правоў.
Успадчыўшы незалежніцкія настроі, відаць, на генэтычным роўні, Мікола ўжо ў дзевятнаццаць гадоў, яшчэ займаючыся ў Радашкавіцкай беларускай гімназіі, атрымаў мандат упаўнаважанага БНР у Вялейскім павеце. У тым часе нашы нацыянальныя сілы рыхтавалі вызвольнае паўстаньне ў Заходняй Беларусі. Дзеля каардынацыі намаганьняў зь менскімі незалежнікамі Абрамчыка пасылаюць у савецкую Беларусь. За два гады ён блізу трыццаці разоў нелегальна пераходзіць мяжу БССР і ў умовах кансьпірацыі сустракаецца з прафэсарам Усеваладам Ігнатоўскім, тагачасным наркамам асьветы. Менавіта Ігнатоўскі, якога Абрамчык усё жыцьцё будзе называць сваім «духовым бацькам», і ўвёў яго ў менскі антыбальшавіцкі асяродак.
Апынуўшыся ў 1920-я ў Празе, ён атрымлівае адначасова дзьве адукацыі: інжынэра-эканаміста ды гісторыка й сацыёляга. У гады студэнцтва Мікола зблізіўся з старшынём Рады БНР Пётрам Крачэўскім і ягоным спадкаемцам на гэтай пасадзе Васілём Захаркам.
Пасьля разьвітаньня з чэскай сталіцаю Абрамчык больш за год вандруе па Эўропе, дзе вывучае эканоміку сельскай гаспадаркі. Аднак на пачатку 1930-х, калі ён знаходзіцца ў Ліёне, адбываюцца падзеі, што кардынальна мяняюць жыцьцё й пляны выпускніка Карлавага ўнівэрсытэту. Па-першае, зь Менску прылятае вестка пра самагубства Ігнатоўскага. Па-другое, падарожнік знаходзіць у Францыі вялікую беларускую працоўную эміграцыю. Ад гэтага часу жыцьцё Абрамчыка непарыўна зьвязанае з эміграцыйным рухам. Ён стварае Хаўрус беларусаў у Францыі, з посьпехам выступае як публіцыст, выконвае даручэньні Старшыні Рады БНР Васіля Захаркі, а з пачаткам Другой усясьветнай вайны робіць захады, каб беларусы-эмігранты далучалiся да антынацысцкага супрацiву.
Шматгадовы сябар і паплечнік Абрамчыка Лявон Рыдлеўскі ў сваіх успамінах піша, што Мікола мусіў пакінуць Францыю, трапіўшы на вока гестапаўцам. Жывучы нейкі час у Бэрліне, ён быў кіраўніком Беларускага камітэту самапомачы й уступіў у кантакты зь Беларускай незалежніцкай партыяй, але быў прымусова вывезены назад у Парыж і жыў пад наглядам. Тым ня менш не пакідаў беларускай справы – у прыватнасьці, чакаючы вызваленьня ад нацыстаў, падрыхтаваў шэраг зьвернутых да саюзьнікаў мэмарандумаў пра трагічную сытуацыю беларусаў у СССР.
Па вайне зь імем Міколы Абрамчыка зьвязанае аднаўленьне дзейнасьці Рады БНР, якую ён узначальваў з 1947 да 1970 году. Пэўны час у гэты пэрыяд Абрамчык кіраваў Лігай за вызваленьне народаў Савецкага Саюзу.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне
1913 ― Мэнахем Бэгін, ураджэнец Берасьця, ізраільскі палітычны дзяяч, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1978 (супольна з прэзыдэнтам Эгіпту Садатам).
1935 — Аляксандар Падлужны, беларускі мовазнаўца.
У памяці
1977 ― Элвіс Прэсьлі, амэрыканскі сьпявак, кароль рок-н-ролу.
1990 ― Язэп Семяжон, беларускі перакладнік і паэт.