Прывітаньне прэзыдэнт Злучаных Штатаў перадаў праз жонку палітзьняволенага, Сьвятлану Ціханоўскую, якая 28 ліпеня мела сустрэчу з Байдэнам. «Джо Байдэн сказаў, што ён натхнёны мной, маім мужам і беларусамі», — расказала пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Сьвятлана Ціханоўская.
«Усё будзе добра. Прывітаньне ад Байдэна атрымаў :)», — напісаў у лісьце Сяргей Ціханоўскі.
Ён перажывае, што ня можа ліставацца са сваёй былой выкладчыцай літаратуры з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францыска Скарыны Натальляй Суславай. Ні ад яе ў турму, ні ад яго на волю лісты не прапускаюць. «Пісаў ёй, але яна мае лісты не атрымлівае. А такія лісты прыгожыя — з цытатамі пісьменьнікаў і паэтаў ёй адправіў, што аж самому шкада і крыўдна, што не дайшлі. Ну як так?», — напісаў палітзьняволены.
- Сяргей Ціханоўскі ў турме з 29 траўня 2020 году. 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА-3 у закрытым рэжыме пачаўся суд над Ціханоўскім і фігурантамі ягонай справы — Міколам Статкевічам, Ігарам Лосікам, Арцёмам Сакавым, Дзьмітрыем Паповым і Ўладзімерам Цыгановічам.
- Па выніках сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн напісаў у Twitter: «Для мяне было гонарам сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай у Белым Доме гэтай раніцай. Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратыі і ўнівэрсальных правоў чалавека».