Міністар аховы здароўя Кот д’Івуар П’ер Дымба заявіў у этэры нацыянальнай тэлевізіі, што вірус выявілі ў 18-гадовай дзяўчыны, якая прыехала з суседняй Гвінэі, піша Голас Амэрыкі.
У СААЗ паведамілі, што гэта першы выпадак Эболы ў дадзенай заходнеафрыканскай краіне з 1994 году. Канчаткова інфармацыю пацьвердзіла дасьледаваньне Інстытуту Пастэра ў Абіджане, фінансавай сталіцы краіны. Дзяўчына з Гвінэі прыбыла ў Абіджан 12 жніўня.
У Кот д’Івуар спадзяюцца, што мэдыкам пасьля ізаляцыі хворай удасца не дапусьціць распаўсюду ліхаманкі ў краіне, паколькі ў Абіджане жыве 4 мільёны чалавек і далейшы распаўсюд хваробы можа прывесьці да эпідэміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гвінэі зафіксавана новая ўспышка ліхаманкі ЭболыРаней у гэтым годзе акурат у Гвінэі была ўспышка Эболы. Яна цягнулася 4 месяцы, і толькі 19 чэрвеня ўрад краіны заявіў пра яе канец. Аднак ужо неўзабаве па Гвінэі пачаў распаўсюджвацца вірус Марбурга. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што гэтая інфэкцыя вельмі блізкая паходжаньнем да Эболы. Перадача абодвух сьмяротных захворваньняў адбываецца пры кантакце з заражанымі вадкасьцямі і тканінамі. Сымптомы ўключаюць галаўны боль, ваніты крывёю, болі ў цягліцах і крывацёк.
Лічыцца, што распаўсюднікі вірусу Эболы — кажаны сямейства крыланавыя. Упершыню ліхаманку зафіксавалі ў 1976 годзе на тэрыторыях цяперашніх Паўднёвага Судану і Дэмакратычнай рэспублікі Конга. За ўвесь час было некалькі ўспышак хваробы ў розных краінах Афрыкі, ад ліхаманкі загінулі ня меней за 13 000 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грып больш небясьпечны за новы каранавірус? Параўноўваем сьмяротнасьць COVID-19 зь іншымі віруснымі захворваньнямі