Пра гэта сьведчаць дадзеныя Нацбанку аб шырокай грашовай масе на 1 жніўня, якія прыводзіць Zerkalo. io.
Аб’ём рублёвых дэпазытаў на 1 жніўня склаў 4 мільярды 652,2 мільёна рублёў, вынікае з дадзеных Нацбанку. Гэта на 46,3 мільёна рублёў больш, чым месяцам раней (за чэрвень гэты паказчык зьменшыўся на 5,6 мільёна рублёў). Калі параўноўваць з дадзенымі на пачатак гэтага году, то рублёвыя дэпазыты беларусаў вырасьлі на 119,6 мільёна рублёў.
Агульная сума валютных дэпазытаў фізычных асоб на 1 жніўня апусьцілася ніжэй адзнакі 4 мільярды даляраў і склала 3 мільярды 922,2 мільёна даляраў. Гэтая сума на 96,7 мільёна даляраў меншая, чым месяцам раней. У параўнаньні з пачаткам гэтага году сума зьнізілася на 717,5 мільёна даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За паўгода беларусы забралі з банкаў валютныя дэпазыты на суму звыш 620 млн даляраўАгулам шырокая грашовая маса, якая ўключае сродкі людзей і прадпрыемстваў на рахунках у банках, а таксама наяўныя грошы ў абароце, на 1 жніўня склала 48 мільярдаў 583,6 мільёна рублёў. За ліпень гэты паказчык упаў на 893,9 мільёна рублёў.
Наяўныя грошы ў абароце за ліпень вырасьлі на 171,7 мільёна рублёў — да 4 мільярдаў 489 мільёнаў рублёў.
Раней у Нацбанку заяўлялі, што адток дэпазытаў уяўляе пагрозу фінансавай стабільнасьці. Гэта стварае падвышаны ціск на ліквіднасьць банкаў, істотна абмяжоўвае магчымасьці банкаў па крэдытнай падтрымцы эканомікі. Сродкі насельніцтва і юрыдычных асоб складаюць аснову рэсурснай базы банкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што за валютныя абмежаваньні могуць увесьці ў Беларусі. Разьбіраемся