Дата дня
15 жніўня 2020 году стаў 7-м днём пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі 9 жніўня. У гэты дзень:
- штаб Сьвятланы Ціханоўскай абасьціў пра пачатак стварэньня Каардынацыйнай рады
- мэдыкі выйшлі на вуліцы з праэстам супраць гвалту
- рабочыя «Беларуськалію» абвясьцілі пра страйк, запатрабаваўшы адстаўкі Лукашэнкі
- у Менску разьвіталіся з Аляксандрам Тарайкоўскім, які загінуў 10 жніўня ад стрэлу ў грудзі каля станцыі мэтро Пушкінская
- работнікі БТ заявілі пра намер страйкаваць
- адбылася размова Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, падчас якой Пуцін паабяцаў стварыць рэзэрву сілаў Нацыянальанй гвардыі РФ для дапамогі беларускім сілавікам
- Кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў улады распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян.
Таксама ў гэты дзень
1068 — быў вызвалены полацкі князь Усяслаў, захоплены ў кіеўскі палон. Кіяне паўсталі супраць свайго князя Ізяслава, скінулі яго і абралі на яго месца Ўсяслава. Палачанін княжыў там 7 месяцаў, але ўрэшце вырашыў вярнуцца дадому, у Полацак.
1905 — Янка Купала дэбютаваў у друку зь вершам «Мужык».
1913 — у Радашкавічах адбылася прэм’ера знакамітай п’есы «Паўлінка». Ставіў спэктакаль Менскі драматычны гурток, якім кіраваў Фларыян Ждановіч, а сярод гледачоў быў і сам аўтар – Янка Купала.
1921 — у Войску Польскім былі ліквідаваныя ўсе беларускія адзінкі, распушчана Беларуская вайсковая камісія.
1945 — Карэя атрымала незалежнасьць ад Японіі.
1969 —На адной з фэрмаў мястэчка Бэтэл штату Нью-Ёрк (ЗША) пачаўся фэст рок-музыкі Вудсток. Яго наведалі каля 500 тысяч чалавек. Фэст стаў сымбалем канца «эры гіпі». На фэстывалі выступілі The Who, Jefferson Airplane, Creedence Clearwater Revival, Grateful Dead і іншыя.
1947 — Індыя атрымала незалежнасьць ад Вялікабрытаніі.
1971 — у Лёндане адкрылася Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны.
1979 — у Менску адкрыўся Музэй старажытнабеларускай культуры.
У гэты дзень нарадзіліся
1769 — Напалеон Банапарт, францускі імпэратар.
1771 — Вальтэр Скот, ангельскі пісьменьнік.
1831 — Вінцэсь Каратынскі, беларускі паэт і журналіст.
1925 – Оскар Пітэрсан, канадзкі джазавы піяніст.
1936 — Барыс Сачанка, беларускі пісьменьнік, перакладнік і выдавец.
У памяці
1762 — памёр Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька», вялікалітоўскі дзяржаўны дзяяч, мецэнат.
1954 — памёр Язэп Драздовіч, беларускі мастак, скульптар, этнограф.
Калі я думаю пра яго, уваччу заўсёды паўстае адно й тое ж відовішча: па вечаровай палявой дарозе ўсьлед за нізкім, чырвоным, як ягадзіна шыпшыны, сонцам ідзе высокі барадаты чалавек з падарожнай кайстраю і мальбэртам. У той самы момант у памяці ажываюць і нягучна поўняць гэтую народжаную ўяўленьнем прастору радкі Ўладзімера Караткевіча:
Дарогі... Корчмы... Ліра за сьпіною...
Ў гадах Хрыстовых — бедным шкаляром...
Засьпее ноч, засьпее дзень слатою —
Паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом...
Язэп Драздовіч прыйшоў на сьвет у адным дзесяцігодзьдзі з братамі Луцкевічамі, Ластоўскім, Купалам і Коласам і сам быў з гэтага шэрагу будзіцеляў нацыі. Яны не належалі да нейкіх школаў, плыняў або партыяў. Яны былі іх стваральнікамі.
Драздовіч стаў адным з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу і плённа прычыніўся да вытокаў мастацкай Скарыніяны. Працягваючы творчы подзьвіг свайго папярэдніка Напалеона Орды, ён стварыў вялікія графічныя сэрыі — «Мір», «Крэва», «Наваградак і наваградцы», «Меднікі», «Трокі», «Гальшаны»... Быў шанцоўным археолягам: адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў. Стаў пачынальнікам касьмічнай тэмы ў нашым выяўленчым мастацтве. Ягоны цыкль «Жыцьцё на Марсе» і сёньня хвалюе мяне, колішняга фаната Рэя Брэдбэры. (Дарэчы, свае самнамбулічныя падарожжы па іншых плянэтах і галяктыках Драздовіч апісаў у літаратурных дзёньніках, дасьледаваных у віленскіх архівах літаратуразнавіцай Ліяй Кісялёвай.)
Па вайне шанец не памерці з голаду дало яму маляваньне на саматканым палатне дываноў, рупліва зьбіраных потым мастаком Аляксеем Марачкіным. Чыноўнікі ад культуры ў лепшым разе лічылі такое мастацтва другарадным, а ў горшым — шкодніцкім. У мястэчку Лужкі дагэтуль памятаюць размалёўку дзядзькі Язэпа ў мясцовай сталоўцы. Асартымэнт страваў быў, далікатна кажучы, небагаты, але туды хацелася зайсьці, каб трапіць у сьвет фантастычных зьвяроў і птушак. Урэшце месца грамадзкага харчаваньня наведаў абласны чыноўнік, пасьля чаго размалёўку зьнішчылі, а на яе месцы павесілі копію карціны расейскага мастака Шышкіна.
Хочацца верыць, што нехта з тых, хто лічыў Драздовіча ўбогім бажаволкам, дажыў да адкрыцьця ў Менску помніка дзядзьку Язэпу, да выхаду альбому-манаграфіі, да зьяўленьня вуліцаў імя Драздовіча ў Менску, Воршы, Маладэчне, Глыбокім, Шаркоўшчыне, Радашкавічах, Германавічах, да стварэньня Культурна-асьветніцкага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, узначаленага закаханай у творчасьць земляка Адай Райчонак, пад кіраўніцтвам якой шмат гадоў ладзяцца мастацкія пленэры — у тых мясьцінах, над якімі лунае душа гэтага вечнага вандроўніка.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, С.248-249
1972 — у Менску забіты мастацтвазнавец Лявон Баразна, які бараніў раён старой Нямігі ад зносу.
Лявон Баразна — чалавек, зь якім я не пасьпеў пазнаёміцца, але які стаў сапраўдным героем майго юнацтва.
Па прафэсіі Лявон быў мастак і мастацтвазнаўца. Ён стварыў шэраг альбомаў, прысьвечаных народнаму адзеньню і беларускім арнамэнтам. Ён, па сутнасьці, заснаваў школу нацыянальнага сцэнічнага касьцюму й «апрануў» дзясяткі фальклёрных ансамбляў. Ягоная кніга «Гравюры Францыска Скарыны» сталася важкім даробкам у Скарыніяну.
Ягоныя талент і майстэрства гарантавалі спакойнае й заможнае жыцьцё. Аднак паводле духу Баразна быў змагар. Ён ня мог зьмірыцца з русіфікацыяй, скіраванай ня толькі супраць мовы, але і супраць народнага мастацтва й гістарычнай спадчыны. У сваім асяродзьдзі ён, не баючыся сексотаў, казаў пра неабходнасьць выхаду Беларусі з СССР. Сябры згадваюць, што з гэтай ідэяй ён падымаўся і клаўся спаць.
Якраз ён, Лявон Баразна, разам зь Зянонам Пазьняком распачаў змаганьне з заплянаваным уладамі зьнішчэньнем старажытнай менскай вуліцы Нямігі. Артыкул у яе абарону сябрам удалося надрукаваць у маскоўскай газэце «Правда», што ў вачах тутэйшага чынавенства рабіла іх асобамі небясьпечнымі.
У жніўні 1972-га Баразна рыхтаваў першую грамадзкую акцыю пратэсту супраць дзейнасьці менскіх герастратаў. Адным з тых вечароў ён кінуўся на вуліцы ратаваць жанчыну, на якую напалі бандыты. «Пацярпелая» імгненна зьнікла, а Лявон атрымаў нанесены спрактыкаванай рукой сьмяротны ўдар. Блізкія Баразны ўпэўненыя: дзейнічала рука спэцслужбаў. Забойцаў асудзілі на мізэрныя тэрміны і неўзабаве амніставалі.
У 1975-м, калі я вучыўся на пятым курсе БДУ, Лявонавы сябры наладзілі ў Менску ягоную пэрсанальную выставу. Яна мела велізарны рэзананс. Да кнігі водгукаў нязьменна цягнулася чарга. Там людзі пісалі й чыталі пра тое самае, чым жыў Баразна.
Гэта быў выбух зьняважаных пачуцьцяў нацыянальнай і чалавечай годнасьці.
Памятаю, адна старонка проста крычала вялікімі літарамі: «Спыніць русіфікацыю! Тут — Беларусь!»
Я хадзіў на выставу кожны дзень. Кніга водгукаў штодня была новая (учорашнюю, як хадзілі чуткі, забіралі ў КГБ), але яна ўмацоўвала веру: нас — шмат, і тут — сапраўды Беларусь.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, С.296-297
1985 – памёр Часлаў Будзька, беларускі эміграцыйны дзяяч, гісторык, настаўнік.