На плятформе людзі могуць атрымаць кансультацыю ў мэдыкаў таго профілю, які ім неабходны. Толькі за ліпень да новай плятформы зьвярнуліся каля 4000 пацыентаў. У праекце працуюць 60 дактароў.
Атрымаць кансультацыю можна бясплатна, але пажадана зрабіць невялікі ўнёсак у фонд мэдычнай салідарнасьці, які дапамагае рэпрэсаваным дактарам.
Як працуе сэрвіс?
- Трэба выбраць лекара і час кансультацыі;
- Пасьля заяўкі зьявіцца спасылка-запрашэньне на чат зь лекарам;
- Пасьля размовы лекар прышле заключэньне і рэкамэндацыі;
- У канцы кансультацыі прыйдзе спасылка, па якой можна зрабіць ахвяраваньне ў фонд мэдыцынскай салідарнасьці.
- Фінансава дапамагчы лекарам можна і без онлайн-кансультацыі. Інфармацыя пра пацыентаў зашыфраваная і надзейна абароненая, плятформа не зьбірае пэрсанальных зьвестак, таму нават распрацоўнікі ня могуць ідэнтыфікаваць пацыента.
Цяпер на плятформе можна атрымаць кансультацыі:
- тэрапэўта;
- пэдыятра;
- гастраэнтэроляга;
- афтальмоляга;
- гінэколяга;
- псыхіятра;
- псыхоляга;
- анэстэзіёляга;
- алерголяга;
- эндакрыноляга;
- траўматоляга-артапэда;
- пэдыятра-кардыёляга.
Пералік спэцыяльнасьцяў пашыраецца, усе лекары ідэнтыфікаваныя. Кожны спэцыяліст дае мэдычныя дыплёмы і іншыя дакумэнты, якія сьведчаць кваліфікацыю. Праверкай спэцыялістаў займаецца Фонд мэдыцынскай салідарнасьці.
Са жніўня 2020 году праз палітычную сытуацыю звыш 5000 мэдычных работнікаў звольнілі з працы за выказваньне палітычнай і грамадзянскай пазыцыі, выступленьні за новыя справядлівыя выбары і супраць узурпацыі ўлады. Правядзеньне онлайн-кансультацый дазваляе прафэсіяналам зарабляць грошы дзякуючы ахвяраваньням людзей, якія патрабуюць мэдычнай дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бесчалавечнасьць, помста і зайздрасьць». Лекары пра ціск на прыватныя мэдычныя цэнтры і хворых за кратамі