Затрыманая сёньня днём праваабаронца Анастасія Лойка знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня ГУУС Менгарвыканкаму, паведаміў пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтар Human Constanta.
Чакаецца, што яе допыт адбудзецца 14 або 15 жніўня. У кватэры Лойкі адбыўся вобшук. Ёй дазволілі зьвязацца з адвакатам. Працэсуальны статус праваабаронцы пакуль невядомы.
Яе калегі разьмясьцілі ў сацсетках відэазапіс, які Лойка зрабіла на выпадак свайго затрыманьня. «Шмат гадоў я займаюся праваабарончай дзейнасьцю, і толькі за гэта мяне можна караць і судзіць па беларускім заканадаўстве, якому не падабаецца такога роду дзейнасьць. У той жа час я дзейнічаю ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі, дэклярацыяй аб праваабаронцы ААН і іншымі дакумэнтамі, якія ратыфікавала Рэспубліка Беларусь. Таму я лічу, што ніякай віны за мной няма», — заявіла Лойка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Насту Лойку забралі на допыт у ДФР. На выпадак затрыманьня яна запісала відэа