«На гэтым тыдні пад эгідай МЗС Украіны дэлегацыя польскай кампаніі ORLEN на чале зь яе прэзыдэнтам Данелем Абайтэкам наведала нашу краіну. Міністэрства арганізавала сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду, дзяржаўнымі кампаніямі. Былі вельмі канкрэтныя, прадметныя размовы», — паведаміў Дзьмітро Кулеба.
Украінскі міністар падкрэсьліў, што МЗС будзе «і далей дапамагаць кампаніі знаходзіць новыя эканамічныя магчымасьці ва Ўкраіне, каб залучаць новыя інвэстыцыі ва ўкраінскую эканоміку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі нафтавы канцэрн прапанаваў Крысьціне Ціманоўскай падтрымкуДзьмітро Кулеба перакананы, што патэнцыйна пашырэньне дзейнасьці польскага нафтавага канцэрну ORLEN ва Ўкраіне дазволіць узмацніць энэргетычную бясьпеку Ўкраіны і дывэрсыфікаваць энэргетычны рынак.
«Менавіта так адкрыта, сыстэмна ды канструктыўна трэба разам працаваць. Гэта стварае новую культуру дачыненьняў з замежнымі інвэстарамі», — падкрэсьліў Дзьмітро Кулеба.
У чэрвені і ліпені пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў ва Ўкраіну скараціліся амаль на чвэрць пасьля вельмі інтэнсіўнага павелічэньня аб’ёмаў з пачатку 2021 году. Найперш зьменшыліся пастаўкі аўтамабільных бэнзінаў, паліва для рэактыўных рухавікоў, а таксама вугляводных прадуктаў у газападобным стане і нафтавага бітуму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь скарачае пастаўкі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну. Як на гэта рэагуе Кіеў?
Дэфіцыт імпартных нафтапрадуктаў змаглі замясьціць два ўкраінскія нафтаперапрацоўчыя заводы, якія павялічылі вытворчасьць і закрылі амаль палову патрэбы ўнутранага рынку. Рэшту кампэнсавалі пастаўкі з Польшчы і Літвы, якія ажыцьцяўляла польская кампанія PKN Orlen. Гэта найбуйнейшая ў Цэнтральнай Эўропе нафтаперапрацоўчая кампанія, пад яе кіраваньнем сем нафтаперапрацоўчых заводаў — тры ў Польшчы, тры ў Чэхіі і адзін у Літве.