«Беларусь — вельмі патрыярхальная краіна, і голас жанчын сапраўды быў ня чутны да 2020 году. Але мы перасталі маўчаць і пакорна згаджацца з тым, што робяць з намі ўлады. Год таму разам, узяўшыся за рукі, мы ўзьнялі нашы звонкія галасы над жахам і болем, якія абрынуліся на Беларусь. Мы ўбачылі, як нас шмат, якія мы розныя. Але мы хацелі аднаго: каб улада нас пачула і перастала зьневажаць, абражаць і зьдзекавацца», — цытуе Марыю Калесьнікаву «Наша Ніва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў закрытым працэсе судзяць палітвязьняў Марыю Калесьнікаву і Максіма ЗнакаПа яе словах, самым складаным за прамінулы год было даведацца, як шмат людзей пакутуюць.
«Тыя, хто ў турме, тыя, хто на волі, і тыя, каму давялося пакінуць Беларусь, — пералічвае яна. — Бо цяпер дрэнна ўсім, улада як ніколі моцна б’е па грамадзтве, выпальвае самае лепшае, што ў нас ёсьць, нянавісьць рэжыму да свайго народу толькі расьце».
А самым пазытыўным момантам Марыя Калесьнікава называе разуменьне, што беларусы — усё гэтак жа «неверагодныя».
«Цяпер мы ведаем гэта дакладна. Нягледзячы на боль, страх і гвалт, мы захавалі нашы каштоўнасьці. У кожным з нас так шмат дабра, сьвятла і любові, што любое зло над намі ня мае сілы».
Марыя Калесьнікава кажа, што за кратамі яна ўвесь час адчувае калясальную падтрымку.
«Тое, што мы перажылі, нас вельмі зьмяніла. Мы як народ выкрышталізавалі нашы каштоўнасьці: пачуцьцё ўласнай годнасьці, самапавагі, дабро і любоў. Мы ўсе зьмяніліся, і гэта назаўжды».
Пасяджэньне ў справе чальцоў штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, сябраў Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай і адваката Максіма Знака пачалося ў судзе Менскага раёну Менску 4 жніўня. Працэс ідзе ў закрытым рэжыме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрвію з палітвязьнем Максімам Знакам: «Ніхто ня мог прадказаць маштабы і асымэтрыю рэпрэсій»Марыя Калесьнікава і Максім Знак пад вартай зь верасьня 2020 году, яны абвінавачваюцца па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім».
Абаім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі, праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітычнымі вязьнямі.