Пра гэта паведамляе DW.
Расеі варта перастаць аказваць любую падтрымку «бесчалавечнаму рэжыму» кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. З такой заявай выступіла праўленьне Грамадзянскага форуму ЭЗ — Расея напярэдадні.
«Пагрозы, запалохваньне і задушэньне іншадумства на дзяржаўным узроўні не дапушчальныя ў цэнтры Эўропы, і тыя, хто падтрымліваюць гэтыя мэтады, становяцца на бок злачынцы», — адзначаецца ў дакумэнце. Прадстаўнікі форуму асабліва выдзелілі недапушчальнасьць выдачы Масквой Менску беларусаў, «якія зазнаюць перасьлед» на радзіме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адказ на затрыманьне Ляшчэні прэм’ер Славаччыны заявіў пра гатоўнасць да новых санкцый супраць БеларусіЦіск на нязгодных з пазыцыяй афіцыйнага Менску «дасягнуў новага ўзроўню гвалту», зь ім сутыкнуліся праваабаронцы, лідэры грамадзянскай супольнасьці, адвакаты і журналісты, гаворыцца ў заяве. Многія з тых, хто зазнаў перасьлед «былі гвалтоўна выдвараныя» з краіны, а дзясяткі некамэрцыйных арганізацый у краіне былі прымусова ліквідаваныя, дадалі прадстаўнікі форуму.
Заклік даць прыстанішча беларусам, якія зьехалі
Праўленьне форуму заклікала міжнародную супольнасьць працягваць ціск на ўлады Беларусі, а таксама не спыняць дапамогу грамадзянскай супольнасьці ў самой рэспубліцы і беларускім грамадзянам, якія былі вымушаныя пакінуць краіну — у тым ліку даць палітычнае прыстанішча і забясьпечыць спрыяльныя ўмовы для далейшай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта драконаўскія санкцыі». Амэрыканскі экспэрт — пра ўказ Байдэна адносна БеларусіДа магчымых мер узьдзеяньня на афіцыйны Менск аўтары заявы аднесьлі пашырэньне санкцый «супраць завадатараў і выканаўцаў гвалтоўных дзеяньняў» у дачыненьні да апазыцыйна настроеных беларусаў.
Грамадзянскі форум ЭЗ — Расея быў заснаваны ў 2011 годзе няўрадавымі арганізацыямі ў якасьці пастаяннай плятформы для ўзаемадзеяньня. Сёньня ў Форум ўваходзяць 185 членскіх арганізацый і арганізацый-прыхільнікаў з Расеі, 19-ці краін Эўразьвязу і Вялікай Брытаніі. Форум нацэлены на больш актыўны ўдзел НДА ў дыялёгу паміж Эўразьвязам і Расеяй.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».