Уладзімер Калач, Надзея Калач, Пятро Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая), Антон Шніп, Зьміцер Шыманскі застаюцца пад арыштам. Месца ўтрыманьня пакуль невядомае, піша Беларуская рада культуры.
Музыкаў і іх сяброў абвінавачваюць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Іх перасьледуюць за выступленьне падчас масавых шэсьцяў у Менску ў жніўні 2020 году.
Павал Шмыга, якога раней прылічалі да затрыманых, насамрэч на волі.
Затрыманьне кампаніі з 16 чалавек адбылося 2 жніўня з удзелам узброеных байцоў САХР і міліцыі Менскай вобласьці. Затрыманыя сьвяткавалі дзень нараджэньня ўдзельніцы гурту Irdorath Надзеі Калач. Чатырох затрыманых затым аштрафавалі на сумы ад 870 да 1160 рублёў, іншых затрымалі паводле крымінальнага артыкулу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты і ператрусы 3 жніўня: на музыкаў гурту Irdorath завялі крымінальную справуСілавікі скарысталі дрон, каб зьняць захоп музыкаў. На відэа ў музыкаў на целе відаць сьляды пабіцьця. Прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманьне ў сувязі з удзелам прадстаўнікоў Irdorath у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Там адзначылі, што «група дудароў неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў», чым «залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым вядомы гурт Irdorath, музыкаў якога затрымлівалі з дронам і стралянінай