Парлямэнт Латвіі ўхваліў рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю

Група нелегальных мігрантаў на мяжы Латвіі зь Беларусьсю

Парлямэнт Латвіі (Саэйма) 12 жніўня ўхваліў рашэньне ўраду краіны аб увядзеньні рэжыму надзвычайнай сытуацыі ў трох раёнах каля мяжы зь Беларусьсю і ў Дзьвінску, паведамляе прэс-служба парлямэнту.

Адзначаецца, што надзвычайнае становішча было абвешчана ў сувязі з рэзкім ростам выпадкаў незаконнага перасячэньня мяжы Беларусі і Латвіі. Таксама была ўлічаная сытуацыя зь нелегальнымі пераходамі на беларуска-літоўскай мяжы.

«Пры неабходнасьці Кабінэт міністраў можа прыняць рашэньне запытаць міжнародную дапамогу праз Мэханізм цывільнай абароны ЭЗ, NATO, а таксама іншыя арганізацыі і плятформы міжнароднага супрацоўніцтва», — цытуе паведамленьне БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш як ста мігрантам не ўдалося перайсьці зь Беларусі ў Латвію і Літву

Як паведамлялася, урад Латвіі на пасяджэньні 10 жніўня абвясьціў рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю — у Люцынскім (Ludzas novads), Краслаўскім (Krāslavas novads), Верхнядзьвінскім (Augšdaugavas novads) паветах і ў горадзе Дзьвінску (Daugavpils).

Рэжым надзвычайнай сытуацыі будзе дзейнічаць да 10 лістапада. Памежнікам дазволена выкарыстоўваць фізычную сілу і спэцсродкі для неадкладнага вяртаньня асобаў, якія незаконна перайшлі мяжу з боку Беларусі.

На дапамогу памежнікам накіраваныя войска і паліцыя. Ім дазволена загадваць нелегалам адпраўляцца назад у Беларусь, кантраляваць выкананьне такіх загадаў, а таксама «рабіць неабходныя дзеяньні, каб мігранты вярталіся ў Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: Латвія і Літва паведамілі пра дзясяткі выпадкаў парушэньня мяжы. Польшча ўзмацняе ахову мяжы

Урад пастанавіў, што на тэрыторыі, дзе дзейнічае рэжым НС, структурныя падразьдзяленьні памежнай службы і іншыя ўстановы «не прымаюць заявы аб наданьні статусу ўцекача або альтэрнатыўнага статусу».

Разам з тым узброеным сілам належыць забясьпечыць месца і інфраструктуру для разьмяшчэньня нелегалаў і асобаў, якія прыбылі зь Беларусі і падалі заяву на атрыманьне статусу ўцекача.

Паток мігрантаў, якія імкнуцца перасекчы мяжу з Латвіяй зь Беларусі, павялічыўся пасьля таго, як Літва пачала адразу вяртаць нелегалаў на беларускую тэрыторыю, а не накіроўваць іх у лягеры ўцекачоў.

Урад Латвіі выдзеліў сродкі на стварэньне інфраструктуры для аховы мяжы зь Беларусьсю, у тым ліку на агароджу з калючага дроту, паведаміла 11 жніўня прэс-служба латвійскага Міністэрства ўнутраных спраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія абвясьціла рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Багдад зь Менску даставілі 240 іракцаў, а таксама цела памерлага на мяжы мігранта