У Багдад зь Менску даставілі 240 іракцаў, а таксама цела памерлага на мяжы мігранта

Ілюстрацыйнае фота

У Багдад зь Менску ўвечары 10 жніўня прыляцелі 240 іракцаў, а таксама цела памерлага на мяжы з Літвой мігранта Джафара Аль-Харыса, паведаміла авіякампанія Iraqi Airways, перадае БелаПАН.

Рэйс аплаціў перавозчык.

У прэс-рэлізе таксама падкрэсьліваецца, што кіраўніцтва кампаніі разам зь Міністэрствам транспарту Іраку і ірацкімі дыпляматамі прыкладаюць усе намаганьні, каб забясьпечыць належныя ўмовы эвакуацыі суайчыньнікаў зь Беларусі.

Такім чынам, за апошнія два дні ў Ірак вярнулася каля 320 чалавек.

6 жніўня ірацкія ўлады загадалі нацыянальным авіяперавозчыкам спыніць палёты ў Менск. Дазволены толькі вываз суайчыньнікаў на радзіму. Рашэньне было прынятае пасьля перамоў Багдаду з Эўразьвязам, Літвой і Латвіяй. МЗС Іраку папярэдзіла суграмадзян аб небясьпецы стаць ахвярамі гандлю людзьмі.

Іракцы складаюць большасьць затрыманых мігрантаў, якія перайшлі зь Беларусі ў Літву. Усяго з пачатку 2021 году літоўскія памежнікі затрымалі 4112 чалавек, 68% зь іх — іракцы.

Пасьля рашэньня МУС Літвы не затрымліваць мігрантаў, а накіроўваць іх назад у Беларусь, улады Латвіі і Польшчы адзначаюць павелічэньне патокаў мігрантаў на свае тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія абвясьціла рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы пра міграцыйны крызіс: «Не сумняваюся, што яшчэ будуць намаганьні працягваць заварваць кашу»