Праваабаронцы прызналі 10 новых палітычных вязьняў

Непаўналетні палітычны вязень Мікіта Залатароў. Архіўнае фота

Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала дзесяць зьняволеных палітычнымі вязьнямі.

Праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі Ўладзімера Кобрынца, Ілью Верамея, Яўгена Рубашку, Аляксандра Бялова, Уладзімера Калача, Надзею Калач, Пятра Марчанку, Юлію Марчанку, Антона Шніпа, Аляксея Якубука і запатрабавалі неадкладна вызваліць іх з-пад варты і спыніць іх крымінальны перасьлед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БХК зьвярнуўся ў генэральную пракуратуру з нагоды парушэньняў у турме на Акрэсьціна

У заяве, якая зьмешчана на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна», сказана, што дэманстранты не рабілі дзеяньняў, якія падпадаюць пад артыкул 293 Крымінальнага кодэксу, і, адпаведна, іх дзеяньні ня могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не чынілі падпалаў, пагромаў, не зьнішчалі маёмасьць і не аказвалі збройнага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужываньня гвалту, у тым ліку ў кантэксьце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«За твар Лукашэнкі, якім вязень накрыў кубак, страшна білі і далі 25 дзён карцару». Як сядзяць у СІЗА крымінальнікі і палітвязьні

«Мы ацэньваем перасьлед вышэй названых асобаў, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і ў масавых беспарадках, як палітычна матываваны перасьлед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня свайго меркаваньня адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаём іх палітычнымі зьняволенымі», — сказана ў заяве.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы пэрыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзян краіны. Агулам прызнаных палітвязьняў ужо 627 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская падвяла вынікі году пратэстаў: «За адзін год рэжым ператварыўся зь нелегітымнага ў тэрарыстычны»