Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) атрымала адказ на свой зварот аб мэдычнай дапамозе зняволенаму кіраўніку аддзелу рэклямы і маркетынгу «Нашай Нівы». На мінулым тыдні зьявілася інфармацыя, што Андрэй Скурко захварэў у СІЗА на Валадарскага і быў зьмешчаны ў мэдычную частку.
У адказе Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС спасылаецца на таямніцу і не раскрывае інфармацыю мэдычнага характару. Разам з тым паведамляецца, што Андрэй Скурко ў СІЗА № 1 знаходзіцца пад «дынамічным наглядам» мэдычных работнікаў установы і атрымлівае дапамогу ў поўным аб’ёме.
З уласных крыніц БАЖ стала вядома, што зьняволены журналіст сапраўды ідзе на папраўку.
Супрацоўнікі «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко знаходзяцца за кратамі з 8 ліпеня. Усяго ў няволі цяпер 29 прадстаўнікоў мэдыя.