Васкрасенскі перадаў на ўзгадненьне сілавікам сьпіс вязьняў на памілаваньне

Юры Васкрасенскі падчас прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі.

Кіраўнік «Круглага стала дэмакратычных сілаў» Юры Васкрасенскі перадаў на ўзгадненьне сілавікам сьпіс зьняволеных, якія напісалі прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, паведамляе агенцтва Sputnik.

Сьцьвярджаецца, што ў сьпісе 100 чалавек. Зь ім папярэдне азнаёміўся Аляксандар Лукашэнка, які падчас «Вялікай размовы» папярэдзіў Юрыя Васкрасенскага, што той «уласнай галавой адказвае за кожнага».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васкрасенскі расказаў, хто перашкодзіў ягонай ініцыятыве амністыі палітвязьняў і што ён прыдумаў узамен

Да 1 верасьня нібыта рыхтуецца другі сьпіс, у якім на гэты момант ужо 30 вязьняў.

Раней Юры Васкрасенскі заяўляў, што ад імя «Круглага стала дэмакратычных сілаў» накіраваў у сьледчыя ізалятары і месцы зьняволеньня больш за 600 лістоў з просьбай напісаць «пакаяньні за зробленае».

Прашэньне можа падаць кожны зьняволены, аднак само памілаваньне «ажыцьцяўляецца прэзыдэнтам у індывідуальным парадку». Да таго заяву разглядае адмысловая камісія з прадстаўнікоў розных дзяржаўных ведамстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Божа, што я нёс!» Палітоляг Шкляраў тлумачыць, чаму пасьля вызваленьня зь СІЗА казаў пра «сталёвыя яйцы» Лукашэнкі

Пры разглядзе заявы ўлічваюць асобу зьняволенага, яго стаўленьне да ўчыненага злачынства, а таксама поўную кампэнсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды пацярпеламу боку.

Памілаваньне набывае моц, як толькі падпісваецца прэзыдэнцкі ўказ. Падобныя дакумэнты нідзе не публікуюцца.

У Беларусі па стане на 10 жніўня палітвязьнямі прызнаныя 617 чалавек. Агулам заведзена за пратэсты каля 5000 крымінальных спраў.