У Аўстрыі суд гораду Корнайбург прызнаў вінаватым 48-гадовага ўраджэнца Чачні Саралі Ахатаева ў забойстве блогера Маміхана Ўмарава і асудзіў яго на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Пра гэта паведаміла аўстрыйская тэлерадыёкампанія ORF.
Умараў быў забіты стрэлам у галаву 4 ліпеня 2020 году ў горадзе Герасдорф. Па падазрэньні ў забойстве блогера затрымалі двух ураджэнцаў Чачні — Саралі Ахтаева і Салмана Магамадава. Незадоўга да свайго забойства блогер запісаў абразьлівы відэазварот да кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Аўстрыі ўзялі пад варту дваіх падазраваных у забойстве чачэнскага эмігранта ЎмараваПадсудны віны не прызнаў. Ён заявіў, што сапраўдны злачынец схаваўся.
Працэс праходзіў з павышанымі захадамі бясьпекі, фота- і відэазапісы ў будынку былі забароненыя.
- «Кавказ.Реалии» са спасылкай на крыніцу пісаў, што «47-гадовы Ахтаеў перабраўся ў Эўропу ў 2002 годзе, а 37-гадовы Магамадаў ў 2004-м, яны абодва знаходзіліся ў статусе ўцекачоў». Пра якую-небудзь сувязь з чачэнскімі ўладамі дакладнай інфармацыі няма, але вядома, што Магамадаў працаваў у антытэрарыстычным цэнтры ў чачэнскім Урус-Мартане.
- Пасьля забойства Ўмарава яго сваякі ў Чачні апублікавалі відэазварот, дзе ўзялі на сябе віну за яго забойства ў Аўстрыі. Да гэтага ўдава Ўмарава Зарэма заяўляла аб датычнасьці ўладаў Чачні да яго забойства.
- 43-гадовы Ўмараў шмат гадоў жыў у Аўстрыі ў статусе ўцекача і прасіў аб палітычным прытулку. Умараў крытыкаваў Рамзана Кадырава і заяўляў, што за забойствамі і нападамі на чачэнцаў у Эўропе стаяць расейскія спэцслужбы.