Раней асуджаных судзяць за непадпарадкаваньне. Затрымалі сына праваабаронцы. Хроніка 7 жніўня

У суботу стала вядома пра чарговыя арышты і прысуды актывістам. 

Заўзятара затрымалі за фтуболку

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што на футбольным матчы «Крумкачы» — «Нафтан» быў затрыманы заўзятар Віктар Панасенка.

Паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі за футболку з нумарам 25 (пад гэтым нумарам гуляў палітзьняволены Аляксандар Івулін).

Заўзятара спачатку адвялі ў аўтазак, а потым павезьлі на мікрааўтобусе ў невядомым кірунку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кайфую». Што піша на волю спартовы журналіст Івулін

У Пінску затрымалі сына праваабаронцы

7 жніўня ў Пінску затрымалі Кірыла Іванова. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта пісаў пагрозы ў «экстрэмісцкіх чатах», паведаміла «Вясна-Брэст».

Летась у жніўні Кірыла Іванова асудзілі на 10 сутак арышту.

Маці Кірыла — праваабаронца Вераніка Іванова. Яна дапамагала фігурантам «пінскай справы». У лютым у яе правялі ператрус.

Былога намесьніка дырэктара дэпартамэнту «Беларусбанку» зноў арыштавалі на 12 сутак

Вырак у судзе Цэнтральнага раёну Менску агучыла 6 жніўня Вікторыя Шабуня, паведаміла «Вясна назірае».

5 жніўня да 37-гадовага Максіма Халецкага каля 18-й гадзіны на вуліцы падышлі міліцыянты і запрасілі на прафіляктычную гутарку. У Цэнтральным РУУСе, паводле пратаколу, Максім адмовіўся прайсьці ва ўпраўленьне, чым аказаў непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

На судзе Халецкі сказаў, што ў яго не было матыву для непадпарадкаваньня, а міліцыянт, які выступіў у якасьці сьведкі, хлусіць.

Раней Халецкага ўжо двойчы каралі адміністрацыйнымі арыштамі. У красавіку яго звольнілі з пасады намесьніка дырэктара фінансава-эканамічнага дэпартамэнту «Беларусбанку» адразу пасьля таго, як ён адбыў адміністрацыйны арышт.

«Наша Ніва»: Па ўсёй краіне ідуць затрыманьні і прафіляктычныя гутаркі

«Наша Ніва» з спасылкай на чытачоў піша пра выклікі на прафіляктычныя гутаркі і затрыманьні тых, хто раней трапіў у поле зроку сілавікоў за пратэсты.

Адзін з чытачоў расказаў, што яго затрымалі 5 жніўня ў РУУСе, калі ён прыйшоў на прафіляктычную гутарку. У пратаколе напісалі, што ён не падпарадкаваўся міліцыянту, ноч пратрымалі ў ізалятары, а назаўтра аштрафавалі на 2700 рублёў. Паводле чытача, у ІЧУ ў камэры на шасьцярых было 12 чалавек.

Таксама чытачы паведамляюць пра затрыманьні і вобшукі ў Пінску, Кобрыні і Наваполацку.

Яшчэ адзін арыштаваны музы́ка стаў падазраваным у крымінальнай справе

Зьміцер Шыманскі стаў падазраваным у крымінальнай справе супраць музыкаў, затрыманых на дні народзінаў вакалісткі гурту Irdorath Надзеі Калач, паведаміў «Белсат».

Яму ставяць у віну тое, што ён граў на дудзе падчас маршу пратэсту летась 16 жніўня.

Зьміцер Шыманскі ўжо 15 гадоў грае ў розных гуртах, у тым ліку «Всё_Crazy», «Ліцьвінскі хмель», «Cornu Copia», але ён ня ўдзельнік гурту Irdorath.

У арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак ці ўдзеле ў іх, падазраюць яшчэ шасьцёх затрыманых музыкаў: Уладзімера Калача, Пятра Марчанку, Аляксандра Сінкевіча, Антона Шныпа, Паўла Шмыгу і Юлію Юніцкую.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 15 сутак асудзілі маці Сяргея Міронава, аўтара мэма «Хлопотное дельце»