У палітзьняволенай, праваабаронцы Марфы Рабковай памёр бацька

Марфа Рабкова

Бацька зьняволенай праваабаронцы хварэў на рак больш за год.

Марфу Рабкову ўжо амаль год трымаюць пад вартай у СІЗА-1. На працягу гэтага часу супрацоўнікі сьледчых органаў не аднойчы шантажавалі Марфу сытуацыяй зь цяжкахворым бацькам, прымушаючы даць патрэбныя ім паказаньні — інакш яна яго не пасьпее ўбачыць,паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Марфа мноства разоў падавала хадайніцтвы на зьмяненьне меры стрыманьня з заключэньня пад варту на хатні арышт або падпіску нявыезьдзе — для таго, каб яна магла даглядаць за бацькам. Пры гэтым да хадайніцтва прыкладаліся ўсе неабходныя мэдычныя заключэньні. Рабковай заўсёды адмаўлялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марфа Рабкова зноў страціла прытомнасьць у СІЗА-1

Таксама сьледчыя заўсёды адмаўлялі Марфе ў заявах на яе спатканьне з роднымі.

Акрамя гэтага, «Вясьне» вядома, што зімой ад COVID-19 памерла бабуля Марфы Рабковай.