На 15 сутак асудзілі маці Сяргея Міронава, аўтара мэма «Хлопотное дельце»

Адзін зь лёзунгаў мінулагодніх пратэстаў

Раней Сьвятлана Чапурка ўжо адседзела месяц арышту.

У судзе Маскоўскага раёну Менску 6 жніўня разгледзелі справу 61-гадовай Сьвятланы Чапуркі. Гэта маці Сяргея Міронава, вядомага праз мэм пра «хлопотное дельце».

Як стала вядома праваабаронцам, справу вяла судзьдзя Тацяна Матыль, якая пакарала жанчыну 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы склалі сьпіс 10 самых рэпрэсіўных судзьдзяў Менску

Сьвятлану Чапурку затрымалі дома 5 жніўня і адвезьлі ў Маскоўскі РУУС. Там на яе склалі пратакол паводле арт. 19.1 КаАП за «дробнае хуліганства» і даставілі ў турму на Акрэсьціна. Сутнасьць абвінавачваньняў не разгалошваецца.

Жанчыну судзілі фактычна ў закрытым рэжыме, бо расклад спраў вывесілі толькі празь дзьве гадзіны пасьля завяршэньня працэсу, інфармуюць валянтэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты 5 жніўня: маці Сяргея «Хлопотное Дельце» на Акрэсьціна, фатографу Дзьмітрыеву 15 сутак, супраць актывіста Вінаградава новая справа

На мінулым тыдні маці і сына ўжо затрымлівалі сілавікі, але тады празь некалькі гадзін іх зь міліцыі адпусьцілі.