Перад працэсам ён выказаўся пра ўнутраную свабоду, стаўленьне да судзьдзі, які вядзе справу, і да канваіраў, да якіх яго кожны раз прыкоўваюць кайданкамі.
«Я буду сядзець столькі, колькі асабіста захачу. Якую цану за гэта буду плаціць — іншае пытаньне. Але вырашаць буду толькі я. Я буду вырашаць, працягнецца судовае паседжаньне ці не. Я буду вырашаць, вярнуся я сёньня з канвоем або з хуткай дапамогай. Гэта маё права. Гэта мая свабода. Самае балючае, што я з усіх сіл спрабую ставіцца да яго [судзьдзі] як да прафэсіянала, які знаходзіцца ў вельмі няпростай сытуацыі. Але мне не ўдаецца. Я добра стаўлюся да хлопцаў з канвою», — цытуе Сьцяпана Латыпава Правабаарончы цэнтар «Вясна».
Справу разглядае Аляксандар Воўк. Перад працэсам палітвязень папрасіў свайго бацьку не прысутнічаць на працэсе, каб таму не было балюча за сына.
На судзе працягваюць праслухоўваць аўдыё тэлефонных размоваў Сьцяпана, адно з іх — інтэрвію журналістам Tut.by пра каталізатары пратэстаў у Беларусі, актыўнасьць і барацьбу жыхароў «плошчы Пераменаў» у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьцяпана Латыпава здарыўся нэрвовы зрыў у час праслухоўваньня ў судзе ягоных размоўТакім чынам, судовае сьледзтва ў крымінальнай справе ўжо на фінальнай стадыі. Цягам працэсу дасьледвалі ўсе матэрыялы, дапыталі ўсіх сьведак.
6 жніўня мусіў адбыцца допыт самога Сьцяпана Латыпава, але ён адмовіўся ад дачы паказаньняў, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі, якая дазваляе ня сьведчыць супраць сябе.
У сувязі з гэтым агалошваюцца паказаньні фігуранта справы, дадзеныя ім падчас сьледзтва.
Хто такі Сьцяпан Латыпаў
- Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары каля муралу з выявамі «дыджэяў перамен». Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
- 1 чэрвеня зрабіў спробу суіцыду проста падчас судовага паседжаньня. Заявіўшы з клеткі, што яго гвалтам прымушаюць зрабіць хлусьлівае прызнаньне, а іначай рэпрэсіі перакінуцца на сваякоў і суседзяў, ён уваткнуў сабе ў горла тонкі прадмет і потым пачаў рэзаць рукі.
- Перанёс апэрацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго забралі з шпіталя ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэтага ён прайшоў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.
- Сьцяпану Латыпаву 40 гадоў. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Бацькі — біёлягі. Прафэсіі — арбарыст, прамысловы альпініст 5 разраду.