Намесьнік старшыні партыі БНФ Юры Меляшкевіч, якога затрымалі былі 4 жніўня, 5 жніўня паведаміў у Фэйсбуку, што ён на волі:
«Сябры, дзякуй за падтрымку і неабыякавасьць! Зараз я на волі і ўжо вярнуўся ў Менск. У дачыненьні да мяне праводзіцца праверка. Сытуацыя выглядае абсурднай, але нічога не паробіш. Спадзяюся на лепшае».
Іншы затрыманы раніцай 4 жніўня — старшыня міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Ўлад Вялічка — ўвечары ўжо быў на волі, пра гэта паведаміла ягоная жонка Алена Вялічка. Сацыёляга і старэйшага аналітыка «Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі» Аксану Шэлест адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, паведамляе «Новы час». 4 жніўня ў яе прайшоў ператрус, сілавікі канфіскавалі тэхніку.
Тым часам стала вядома, што таксама затрыманага ўчора мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча перавялі ў ІЧУ на Акрэсьціна. Пра гэта са спасылкай на ягоную сястру паведаміў Андрэй Ягораў.
Паводле тэлеграм-каналу «Сьпісы затрыманых», у турме на Акрэсьціна знаходзіцца таксама Тацяна Вадалаская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі Ўладзімера Мацкевіча, Тацяну Вадаласкую, Улада Вялічку і Юрася Меляшкевіча. Чым яны вядомыяУладзімер Мацкевіч — заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы кіраўнік рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (2011–2016), заснавальнік праграмы стварэньня сучаснага ўнівэрсытэту ў Беларусі «Лятучы ўнівэрсытэт», вядоўца тэлеперадачаў. Удзельнічаў у ініцыятыве «Сход».
Тацяна Вадалаская — старшы аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі. Экспэрт аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў. Кандыдат сацыялягічных навук.
Юрась Меляшкевіч займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ад 1999 году. З 2004 сябра Партыі БНФ, быў сакратаром партыйнай камісіі ў пытаньнях экалёгіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС і камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Сын Віктара Рыгоравіча Меляшкевіча, аднаго з вэтэранаў Беларускага Народнага Фронту ад часоў заснаваньня руху.
Балятаваўся ад Партыі БНФ на парлямэнцкіх выбарах па Малінаўцы ў Менску, а таксама на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Абраны на пасаду намесьніка старшыні Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне» ў лістападзе 2020 году.
Сябра Рэспубліканскага праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух „За свабоду“» (быў намесьнікам старшыні арганізацыі), выконвае абавязкі намесьніка старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сябра Вялікай Рады Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“».