Падпалкоўніка расейскай міліцыі ў адстаўцы абвінавачвалі па арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і па арт. 371 «Незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».
Андрэй пагадзіўся з тым, што ўдзельнічаў у мерапрыемствах, здымаў і разьмяшчаў на сваім канале ролікі, але не прызнаў арганізацыю масавых беспарадкаў і змову зь Сяргеем Ціханоўскім і Міколам Статкевічам.
Андрэй Новікаў правёў 7 месяцаў у СІЗА, пасьля яго дэпартавалі ў Расею. У красавіку 2021 ён таемна прыехаў у Беларусь, каб адвезьці на лячэньне хворае дзіця. Тады 50-гадовага мужчыну зноў затрымалі. У Андрэя 1,5-гадовая дачка і яшчэ адна дачка-інвалід.
Пракурор Бяшковіч прасіў пакараць Новікава 3 гадамі пазбаўленьня волі. Судзьдзя вынес прысуд: 2,5 года калёніі, піша «Вясна». Канчатковы вырак сфармаваны шляхам частковага складаньня пакараньняў па двух артыкулах.
Новікаў нарадзіўся ў беларускім Варапаеве, пасьля школы зьехаў вучыцца ў Расею. Жыў на Далёкім Усходзе, служыў у міліцыі, мае званьне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых апэрацыях на тэрыторыі Чачэніі. Жанаты, мае трох дачок, адна зь якіх мае інваліднасьць.
Новікава затрымалі 6 чэрвеня 2020 году ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну Віцебшчыны за ўдзел у пікеце для збору подпісаў, які прыраўнялі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Свае ўмовы ў СІЗА ён ахарактарызаваў як жудасныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У ноч з 9 на 10 жніўня прыгадаў ваенныя дзеяньні на Каўказе». Вялікая гутарка з Андрэем Новікавым, якога вывезьлі зь СІЗА № 1 у Расею ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Расеі да ЗША. Хто ў Беларусі сядзіць «за палітыку» з іншаземным грамадзянствам