У дзень пачатку суду над Максімам Знакам і Марыяй Калесьнікавай у францускае выданьне Le Courrier d'Europe centrale і бэльгійскае La Libre Belgique апублікавалі інтэрвію, якое Максім Знак даў з-за кратаў.
— Якія вашы ўмовы ўтрыманьня? Да чаго вы змаглі прывыкнуць?
— Вядома, умовы ўтрыманьня цяпер лепшыя, але я дакладна ведаю, што яны могуць пагоршыцца ў кожны момант. Чалавек прывыкае да ўсяго, а ў беларусаў прывыканьне да цяжкасьцяў лічыцца нацыянальнай асаблівасьцю!
У пэўным сэнсе я прызвычаіўся да затрыманьня, і дні ідуць, напоўненыя дзейнасьцю, якая можа падацца звычайнаму чалавеку вельмі дзіўнай. Я спрабую адзначаць гэтыя абсурдныя і трагікамічныя моманты.
Калі падумаць, ёсьць некаторыя рэчы, да якіх проста нельга прывыкнуць. Напрыклад, немагчымасьць атрымаць пэўныя дробязі, напрыклад, кефір, колу, бананы, маліны, тачылку для алоўкаў... Часам адсутнічае нешта абстрактнае, чаго я раней не ацэньваў і нават не заўважаў. Акрамя відавочных рэчаў, якіх, магчыма, нестае, самым цяжкім для мяне было прывыкнуць да адсутнасьці цемры і адзіноты.
Добра, што мы — тыя, хто ў такой жа сытуацыі, як і я, — не прывыкаем да гэтага цалкам. Таму што прывыкнуць да гэтага азначае прыняць навязаную думку: вы заслугоўваеце гэтага, вы злачынцы, і нічога страшнага няма ў тым, што вы ня можаце зрабіць большую частку таго, што могуць зрабіць нармальныя людзі. Але мы ня згодныя, проста не прывыкаем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Максім Знак у інтэрвію з-за кратаў: «Зыходзячы з сэнсу абвінавачваньня, экстрэмістамі можна лічыць усіх годных беларусаў»— Вы самі юрыст. Якую ролю вы адыгрываеце ў сваёй уласнай судовай справе?
— На жаль, аднаго з маіх адвакатаў Сяргея Зікрацкага пазбавілі ліцэнзіі. Маю абарону забясьпечваюць спэцыялісты ў крымінальным кодэксе — Дзмітры Лаеўскі і Яўген Пыльчанка — што не мая спэцыяльнасьць. Юрыст Надзея Знак дапамагае абʼяднаць абарону, уважліва ставіцца да кожнай дэталі справы, шукае карысныя кроплі інфармацыі ў акіяне дадзеных. Мае адвакаты фантастычныя! Назіраючы за справай звонку, лягчэй весьці абарону, заставацца бесстароньнім і, такім чынам, лепш разумець, як можна інтэрпрэтаваць дакумэнты ў судзе.
Але я не чужы ў сваёй справе: вы ня можаце сабе ўявіць, зь якім энтузіязмам гатовы працаваць адвакат, калі ўпершыню за дзевяць месяцаў ён атрымае магчымасьць займацца тым, што любіць, і ўсё тваё жыцьцё, тваё далейшае жыцьцё — без перабольшаньня! — залежыць ад выніку.
Я вельмі ўважліва стаўлюся да сваёй справы. Увесь час цягам месяца я штодня чытаў тэчкі, рабіў нататкі, маляваў дыяграмы і паказваў доказы неадпаведнасьці абвінавачваньня фактам.
Часам мне кажуць, што спадзявацца на бесстароньні працэс ці нават на прававую аснову справы — наіўна. Аднак на працягу ўсёй выбарчай кампаніі мы ўвесь час выкарыстоўвалі юрыдычныя магчымасьці для абароны сваіх правоў, і я, вядома, гэтым разам таксама іх не прапушчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў закрытым працэсе судзяць палітвязьняў Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака— Ці шкадуеце вы, што далучыліся да каманды кандыдата Віктара Бабарыкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году?
— Я не хацеў бы, каб мае словы «я ні пра што не шкадую» гучалі як бравада, таму я паспрабую патлумачыць прагматычна. У жыцьці для таго, каб у нашым настроі, гэтым эмацыйным кактэйлі, пераважалі задавальненьне і ўсьведамленьне таго, што зрабіў добра, а не шкадаваньне і прыгнечанасьць, дастаткова дзейнічаць прыстойна і дзеля дабра. Год таму я шмат працаваў дзеля дабра і на падставе закону. Таму ў мяне чыстае сумленьне наконт вартасьці маіх дзеяньняў.
Але адыдзем ад эмоцый дзеля лёгікі. Сёньня як юрыст я ведаю, бо перажыў сам, што адбылося і чаго не адбылося падчас выбарчай кампаніі 2020 году. Праблемы, зь якімі мы сутыкнуліся, былі глябальнымі, і яны важныя для ўсіх членаў грамадзтва.
Калі мэтафарычна задаць сабе пытаньне: ці варта шкадаваць, што ты пайшоў у склеп і выявіў пажар, ці лепш ніколі не адчыняць дзьверы і жыць у спакойным няведаньні? Гэта ня лепш, вядома. Я пра гэта не шкадую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што варта ведаць пра суд над Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам— Ці былі вы гатовыя да наступстваў сваёй ангажаванасьці?
— 8 тысяч чалавек, якія падпісаліся ў траўні 2020 году, каб далучыцца да ініцыятывы Віктара Бабарыкі, у тым ліку і я, тэарэтычна дапускалі магчымасьць нэгатыўных наступстваў. Але наўрад ці хто мог прадказаць маштабы і асымэтрыю рэпрэсій. Добраахвотнікаў у штабе нельга лічыць камбатантамі або рэвалюцыянэрамі. Мы проста прыйшлі, каб удзельнічаць у выбарчай кампаніі з дапамогай законных мэтадаў і сродкаў, бо ў краіне былі абвешчаныя выбары, і прыняць удзел мог кожны. Як і ў выпадку з агнём, схаваным у склепе, добра, што мы ўсё выявілі, і што далей ілюзій няма. Гэта добра, але надзвычай расчароўвае як тых, хто паддаўся ціску, так і тых, хто апынуўся ў сьпіралі падзеньня, хто даўно ўжо дасягнуў дна і, здаецца, працягвае падаць.
— Як вы думаеце, што павінны зрабіць міжнародныя субʼекты, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?
— Ужо некалькіх месяцаў у мяне няма доступу да поўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі сьвеце, таму я не магу камэнтаваць, а хутчэй здагадвацца. Мне здаецца, што галоўнае пры выбары дзейнічаць — памятаць, хто канчатковы бэнэфіцыяр любой дапамогі, што ва ўсіх дзеяньнях, якія павінны рабіць самі беларусы, яны зьяўляюцца мэтай, а ня сродкам. Як ні дзіўна, 2021 год абвешчаны годам нацыянальнага адзінства ў Беларусі. Так што нават маленькія крокі да кансэнсусу, вяртаньня да закону і да ісьціны — гэта ўжо шмат. Я ня ведаю, ці ёсьць спосаб пачаць канструктыўны дыялёг, а не імітацыйны дыялёг, зьмяшаны з гвалтам. Але я думаю, што кожны дзень мы аддаляемся ад таго месца, дзе павінен быў пачацца наш шлях да нармальнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава ў інтэрвію перад судом: «Лукашэнка забыўся, што жыць яму ня з Пуціным»